Іспанка Ангела Эспіноса запісала яшчэ 2 песні па-беларуску (відэа)
Абедзве — на вершы Рыгора Барадуліна: “Будзільнік” і “Трэба дома бываць часцей”.
Ангела Эспіноса набыла вядомасць у Беларусі пасля ролікаў на YouTube, дзе яна спявае “Малітву” Купалы і “Пагоню” Багдановіча. Днямі рэпертуар абнавіўся.
Ангела была скайп-госцем курсаў “Мова нанова” — і спецыяльна для слухачоў запісала невялікі зварот. А ў канцы звароту заспявала калыханку “Будзільнік” (верш Рыгора Барадуліна, музыка Змітра Вайцюшкевіча). У звароце Ангела апавядае незвычайную гісторыю, як вывучэнне беларускай мовы для яе пачалося ў Амерыцы — падчас адной адукацыйнай праграмы.
Яшчэ адной беларускамоўнай песняй стала “Трэба дома бываць часцей” на верш Рыгора Барадуліна. Ангела вельмі любіць творчасць народнага паэта Беларусі — і нават піша па ёй працу ва ўніверсітэце. Яна запісала да дзядзькі Рыгора адмысловы відэазварот разам з песняю.
Апроч гэтага, Ангела Эспіноса вядзе па-беларуску блог. Сярод іншага, там ёсць і такія фразы адносна беларускай мовы: “Беларуская мова вельмі, вельмі эратычнаяJ”, “Калі нейкая іспанка можа, значыць, і ты можаш! Ці ты баязлівец?”.