"Калі ты як снежная каралева, то табе не дапаможа Віктар Дробыш"
Букмекеры не памыліліся: беларус Ivan не прайшоў у фінал "Еўрабачання". Але прадзюсар спевака Віктар Дробыш з букмекерамі не згодны. Ён хоць і перажывае з-за паражэння, усё ж лічыць, што Айван вылецеў з конкурсу несправядліва.
"Мы можам ганарыцца ўсім, што адбывалася на сцэне, і ў першую чаргу — артыстам. Я лічу, што Саша зрабіў усё як трэба. Ён годна праспяваў, нумар быў добры, фактычна, усё атрымалася", — перакананы прадзюсар.
Віктар Дробыш пра выступ Айвана: Тое, што трэба, мы атрымалі
Меркаванне Дробыша падтрымлівае і бацька Айвана, гомельскі музыка Віктар Іваноў. На яго думку, сыну некалькі не стае досведу, аднак у фінал Саша не выйшаў, бо за яго не галасавала Расія.
"На мой погляд, у Сашы было ўсё, каб прайсці фінал. Не хапіла толькі падтрымкі самага магутнага саюзніка — Расіі. Да таго ж, палова Еўропы сваё меркаванне наконт нашага нумара таксама не выказала", — абураецца Віктар Іваноў.
Беларускі рокер і шоўмэн Аляксандр Памідораў не бачыць у Айване артыста — гэта і ёсць прычына, лічыць Аляксандр, чаму за беларускага ўдзельніка не прагаласавала частка Еўропы.
"Спецэфекты былі на ўзроўні, але артыста не было. Гэта быў хлопчык, а артыста ў гэтым хлопчыку я, уласна, не ўбачыў. На жаль, — разважае Памідораў. — Магчыма, перад тым, як заяўляцца на конкурс, усё ж трэба было б папрацаваць гадок-другі. Нават з гэтай песняй узору "Еўрабачання-2010" можна было патрапіць у фінал, але артыста не было, быў ашалелы ад адчування, што патрапіў у нязвыклы свет, хлопец".
У той жа час Сяргей Адрыянаў, сябра журы нацыянальнага адбору, які ў свой час займаўся піярам Алёны Ланской і Тэа на "Еўрабачанні", лічыць, што выступ Айвана нельга назваць катастрофай, аднак нумар праваліў менавіта выканаўца.
"Калі няма энергетыкі, няма харызмы, калі ты як снежная каралева, то табе не дапамогуць ні Віктар Дробыш, ні Філіп Кіркораў, ні канструкцыі за сто тысяч еўра, — упэўнены Адрыянаў. — Усё было пра Сашу зразумела яшчэ на адборачным туры. Прадзюсар Дробыш на сёння выцягнуў з яго максімум. Зразумела, што была праробленая праца, але працаваць з лёдам вельмі цяжка".
Яшчэ адна прычына пройгрышу, на думку Сяргея, — піяр-кампанія: раман з актрысай Самбурской, гісторыя пра ваўкоў і "галыша" толькі дыскрэдытавалі Іванова:
"Як далей складзецца яго лёс пасля дадзенага выступу і шлейфу, які цяпер будзе за ім цягнуцца (маю на ўвазе аголенасць і ваўкоў), невядома. Маладыя выканаўцы мусяць быць вельмі ўважлівымі і не ісці на неабдуманыя ахвяры незразумела з-за чаго. А Айван гэтага не зразумеў. Я жадаю яму знайсці тую песню, якая закрые доўгі шлейф пад назвай "Еўрабачанне"".
А вось беларускаму кампазітару і музыку Алегу Джагеру, лідару гурта Rouble Zone, які сочыць за "Еўрабачаннем" з Бельгіі, рэкламная кампанія Айвана спадабалася. Музыка кажа, што па еўрапейскіх тэлеканалах імя беларуса гучала часта, але збольшага — у жартаўлівым ключы, звязаным з гісторыяй пра ваўкоў. Сам жа другі паўфінал Джагер лічыць вельмі моцным. І кажа, што Іваноў, сям'ю якога Алег добра ведае, не патрапіў у фінал выключна з-за няўдалай песні:
"Песня не ў сённяшнім духу. Я б не сказаў, што яна вельмі адстойная, аднак яна гадоў на пяць адстае ад той энергетыкі і атмасферы поп-музыкі, якая існуе цяпер у Еўропе. Да таго ж, у Сашы шыкоўны голас. Але гэта голас хард-рокавага музыканта, голас не для гэтай музыкі. Было бачна, як ён спяваў не сабой. Саша Іваноў, якога я ведаю, насамрэч, спявае як Кавердэйл, а такія галасы цяпер не зусім папулярныя... Яны не патрапілі ў атмасферу".
Беларусы ўжо другі год запар не трапляюць у фінал конкурсу. Дагэтуль, у 2013 і 2014 годзе шаснаццатае месца ў фінале займалі адпаведна Алёна Ланская і Тэа. Фінал "Еўрабачання-2016" адбудзецца 14 траўня.