Карач: Гульня Лукашэнкі стварае нішу для “маткі беларускага народа”
Кіраўніца грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Вольга Карач паўдзельнічала ў анлайн-канферэнцыі на сайце Радыё Свабода.
Яна пацвердзіла, што мае прэзідэнцкія амбіцыі, але яе ўдзел у выбарах (як і іншых кандыдатаў) будзе "залежыць ад беларускага народу і яго падтрымкі". Карач нагадала, што паводле сацыялагічнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, яе ведаюць каля 20% беларусаў, з іх пазітыўна адносяцца 6,5%.
"Аляксандр Лукашэнка пазіцыянуе сабе як такога “бацьку беларускага народа”, — напісала ў адказе на адно з пытанняў Вольга Карач. — Але калі ён гуляецца з архетыпам “сям’і” і “бацькі”, то з аднаго боку, іншым мужчынам-палітыкам трэба даказваць, што яны — лепшыя “бацькі”, а з другога боку — стварае нішу для “маткі беларускага народа” — жанчыны ў палітыцы. І зразумела, што як то бывае ў многіх сем’ях, “развод” будзе доўгі, цяжкі, з высвятленнем адносінаў паміж “бацькам” і “маткай”, цяжкім падзелам “дзяцей”-выбаршчыкаў і г. д.".
Карач кажа, што хацела б, "каб нарэшце нашая палітыка стала з чалавечым тварам".
Вользе Карач 34 гады, яна нарадзілася ў Віцебску. Сцвярджае, што ў грамадскай дзейнасці ўжо 17 гадоў. Былая школьная настаўніца, магістр палітычных навук. Упершыню пра прэзідэнцкія амбіцыі ўскосна заявіла ў траўні 2013-га.
Фота — ru.wikipedia.org