Хацкевіч не стаў пісаць заяву на фанатаў, якія на яго напалі

Аляксандр Хацкевіч / gettyimages.at
Аляксандр Хацкевіч не стаў пісаць заяву на фанатаў, якія на яго напалі на трэніроўцы "Заглэмбе". "Палічылі, што нам трэба быць вышэй за гэта, 20 вясковых фанатаў нас не запалохаюць", — кажа спартыўны дырэктар клуба Міхаіл Залеўскі.
Польскія журналісты даведаліся, што "радыкальна настроеныя фанаты" каманды прыйшлі на базу клуба і пасля размовы з Хацкевічам ударылі яго. "Некалькі чалавек, самых актыўных, падскочылі да галоўнага трэнера і спрабавалі нанесці ўдары, — расказвае ў інтэрв'ю "Трыбуне" Залеўскі. — Удар аднаго [Аляксандр Хацкевіч] заблакаваў, але другі ззаду цішком ударыў рукой. Спрабавалі яшчэ і нагамі неяк закрануць, ударыць... Людзі, якія бачылі вайну ва Украіне, рэвалюцыю ў Беларусі, не спалохаюцца 20 фанатаў. Але, паўтаруся, рэальна білі рукамі, прычым некаторыя цішком, ззаду, нагамі хацелі падчапіць. Але каманда заступілася за трэнера, лакалізавала сітуацыю. Ніхто ў баку не заставаўся".
Фанаты выказвалі незадавальненне чарговым паражэннем "Заглэмбе" ў футбольным чэмпіянаце Польшчы. Пры гэтым усе яны былі ў масках. Усё працягвалася каля 20 хвілін. Пасля таго, як фанаты з'ехалі, Хацкевіч правёў трэніроўку каманды. І тут прыехала паліцыя — яе хтосьці выклікаў.
"Мы адмовіліся пісаць заяву", — кажа Міхаіл Залеўскі. Ён здзіўляецца, што кіраўніцтва клуба ніяк не адрэагавала на інцыдэнт.
Аляксандр Хацкевіч быў вядомым беларускім футбалістам, пасля пачаў кар'еру трэнера, ачольваў нацыянальную зборную Беларусі (2014-2016). Працяглы час ён жыве ва Украіне. У 2022-м Хацкевіч крытычна выказаўся пра пазіцыю беларускіх спартсменаў у дачыненні расійскай агрэсіі, заклікаў беларусаў не баяцца і гаварыць праўду пра тое, што адбываецца ва Украіне. А яшчэ ён далучыўся да свабодных спартсменаў Беларусі.
Кантракт з "Заглэмбе" з Сасноўца, аўтсайдэрам польскага Д2, беларус падпісаў у пачатку 2024 года. Спартыўным дырэктарам стаў былы гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі, які ў 2020-м падтрымаў пратэсты ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.