Кінатэатр "Перамога" ў Мінску зачыняць да кастрычніка

Сталічны кінатэатр "Перамога" з 8 ліпеня зачыняць. Ён не будзе працаваць да 1 кастрычніка, паведамляюць "Мінск-Навіны".

Генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама Васіль Коктыш паведаміў, што такое рашэнне прадыктавана ў тым ліку і эканамічнымі меркаваннямі. "Перамога" — гэта адзіны кінатэатр у Мінску, які дагэтуль не мае лічбавага абсталявання. Паколькі кіно на стужцы цяпер практычна не выпускаецца, "Перамогу" аддалі пад праграмы аўтарскага кіно. А ўлетку такія фільмы не карыстаюцца вялікім попытам, бо ідзе сезон адпачынкаў.

Паставіць лічбавае абсталяванне ў гэты кінатэатр "Кінавідэапракат" не можа, бо спярша трэба правесці рэканструкцыю з рэстаўрацыяй. Будынак з'яўляецца помнікам архітэктуры. "Кінавідэапракат" не мае сродкаў, каб самастойна зрабіць усе працы. Але праект рэканструкцыі ўключаны ў інвестыцыйную праграму горада.

У бліжэйшыя месяцы спецыялісты правядуць дадатковае абследаванне будынка, каб вызначыць, колькі кінатэатр яшчэ можа працаваць без сур'ёзнага ўмяшання.

Фота — minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі