Лукашэнка: Калі памыліліся з продажам лекаў у аптэках, трэба прызнаць

Міністэрства аховы здароўя павінна прызнацца, калі памылілася з новым парадкам продажу лекавых сродкаў у аптэках. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 снежня міністру аховы здароўя Васілю Жарко.

Кіраўнік Беларусі кажа, што Мінздароўя мусіла распавесці людзям пра новаўвядзенні загадзя. "І калі вы здзяйсняеце нейкія дзеянні, вы ж спачатку людзям раскажыце. І адначасова! А не пасля, калі ўсе людзі ў чарзе ўсталі і штурмуюць аптэкі і паліклінікі", — перадае БелаПАН словы Лукашэнкі.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што людзі скардзяцца, быццам міністэрства "займаецца не тым, чым трэба". Каб праналізаваць сітуацыю, Лукашэнка звярнуўся як да асобных лекараў, так і даручыў Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта правесці даследаванне ў грамадстве.

Па словах Лукашэнкі, людзі ўспрынялі новаўвядзенне вельмі негатыўна. Асаблів з улікам таго, што ўвялі яго напярэдадні прыходу эпідэмій.

Васіль Жарко, у сваю чаргу, паведаміў, што прынятая сёлета ў верасні пастанова з'яўляецца працягам пастановы, прынятай у 2012 годзе, па пераліку рэцэптурнага і безрэцэптурнага водпуску лекаў. Паводле яго слоў, гэты пералік не пашыраны ні на адзін лекавы сродак. Сёлета была ўведзеная толькі адна норма — захоўванне рэцэпту ў аптэцы на працягу месяца. Мінздароўя адзначае значны рост аб'ёму спажывання лекавых сродкаў. Спецыялісты міністэрства лічаць, што мноства лекаў адпускаецца без рэцэптаў, асабліва ў камерцыйных структурах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі