Максім Мірны выйшаў у чвэрцьфінал парнага разраду Australian Open
Ён гуляе ў пары з іспанцам Фелісіяна Лопесам.
На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе працягвае паспяхова выступаць беларус Максім Мірны. Як паведамляе БЕЛТА, у матчы 1/8 фіналу мужчынскага парнага разраду ён разам з іспанцам Фелісіяна Лопесам абыграў ізраільска-філіпінскі дуэт Джонатан Эрліх / Трыт Х'юэй — 7:5, 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 2 хвіліны.
Да гэтага Мірны і Лопес перамаглі аўстралійскі дуэт Люк Сэйвіл / Джэймс Дакварт, а таксама індыйска-канадскую пару Рохан Бапана / Даніэль Нестар.
У першым крузе спаборніцтваў змяшаных пар Максім Мірны з аўстралійкай Арынай Радзівонавай прайграў амерыканцы Эбігейл Спірс і мексіканцу Сант'яга Гансалесу — 3:6, 5:7.
Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ў панядзелак, 26 студзеня ў паядынку 1/8 фіналу адзіночнага разраду на галоўным корце "Мельбурн Парку" сустрэнецца са славачкай Дамінікай Цыбулкавай. Лік асабістых сустрэч на турнірах пад эгідай ВТА паміж Азаранкай і Цыбулкавай зараз 7-2 на карысць беларускі.
Фота — minsknews.by