Мікалай Дзядок судзіцца з газетай Адміністрацыі Лукашэнкі
17 жніўня суд Савецкага раёна Мінска пачаў разгляд позвы Мікалая Дзядка супраць інтэрнэт-старонкі газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Адказчыкамі ў судзе выступаюць аўтар артыкула “Анархія, маць…” Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага адзела выдання Аляксей Шпілеўскі, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Дзядок лічыць, што артыкул абразіў яго гонар і годнасць, а таксама абылгаў яго. У прыватнасці, у артыкуле Мукавозчыка паведамлялася, быццам Дзядок быў асуджаны за тое, што кідаў "кактэйлі Молатава" ў расійскую амбасаду ў Мінску. Між тым, анархіст быў асуджаны 27 траўня 2011 года за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця каля генштаба, за відэаздымкі сімвалічнай атакі на казіно “Шангры Ла” і сімвалічнай атакі на Дом прафсаюзаў.
Заяўнік выказаў заклапочанасць, што распаўсюджаныя праз газету Адміністрацыі прэзідэнт звесткі могуць перашкодзіць у пабудове сацыяльных сувязяў і прафесійнай дзейнасці.
У сваім выступе Дзядок заявіў, што не разумее, чаму аўтар артыкула не паспрабаваў пры падрыхтоўцы матэрыялу высветліць праўдзівую інфармацыю і атрымаць каментар асабіста ад яго, што адпавядала б правілам журналісткай этыкі.
Агучваючы свае патрабаванні, актывіст заявіў: "Што тычыцца патрабаванняў, якія я прад'яўляю газеце, то ў ідэале мне вядома хацелася б, каб "СБ. Беларусь сегодня" зачынілася і перастала маніпуляваць грамадскай свядомасцю ў інтарэсах дзяржавы, а яе журналісты заняліся грамадска-карыснай працай. Але так як я разумею, што ў нашай дзяржаве такія патрабаванні нерэальныя, то я абмяжоўваюся просьбай аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 000 беларускіх рублёў, а таксама абавязаць выданне абвергнуць напісанае на іх сайце".
У сваім выступе Андрэй Мукавозчык заявіў, што Дзядок моцна перабольшвае і асабістую значнасць, і ўвагу журналістаў да яго асобы. “Як злосны хуліган і правапарушальнік можа лічыць, што якія-небудзь звесткі пра яго, карэктна прыведзеныя ў межах агульнага інфармацыйнага поля, створанага на той момант, і яго прысуду, прыніжаюць яго гонар і годнасць — не зразумела. Тым больш неабгрунтаванымі я лічу словы пра тое, што яму прычынілі нейкія пакуты”, — заявіў у сваім выступе аўтар артыкула.
Прадстаўнік адказчыка Аляксей Шпілеўскі заявіў, што водгук будзе падрыхтаваны пасля таго, як іх бок азнаёміцца з прысудам Мікалая Дзядка за 2011 год. Ён таксама звярнуў увагу на разнастайныя і не заўжды праўдзівыя звесткі аб прысудзе Дзядка, абнародаваныя ў інтэрнэце. Па яго словах, журналіст пры падрыхтоўцы матэрыяла абапіраўся на такую інфармацыю.
Наступнае пасяджэнне прызначана на 10 гадзін раніцы 1 верасня.