Мінэнерга: Запазычанасць прамысловасці за энергарэсурсы больш за 1,83 трлн
Прычым толькі за студзень пазыкі выраслі амаль на 35%.
Спажыўцы Беларусі не плацяць за пастаўленую ім электрычную і цеплавую энергію. Запазычанасць на 1 лютага склала 1,83 трлн рублёў, паведамляе "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на Міністэрства энергетыкі.
Прычым толькі за студзень гэтая запазычанасць вырасла на 34,9%, або на 480 мільярдаў рублёў. Бо на 1 студзеня 2015 года пазыкі за энэргарэсурсы складалі 1,35 трлн рублёў. Агулам за студзень спажыўцы аплацілі 92,4% пастаўленай энэргіі.
Не цалкам разлічыліся за пастаўкі энэргіі арганізацыі Мінпрама (85,8%), канцэрна "Беллеспаперапрам" (41%), канцэрна "Беллегпрам" (87,7%), Мінбудархітэктуры (81,3%), Мінтранса (97,5%), прадпрыемствы Мінсельгасхарча (92,7%), Мінгандлю (98,3%), канцэрна "Белдзяржхарчпрам" (92,4%), Нацыянальнай акадэміі навук (85%) і іншыя.
Таксама ў Мінэнерга кажуць, што арганізацыі камунальнай формы ўласнасці ва ўсіх абласцях краіны і ў Мінску не цалкам аплацілі энэргію за студзень 2015 года.
Фота — tut.by