Мітрапаліту Філарэту споўнілася 80 гадоў
Былы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы пасля сыходу на спакой працягвае служыць у дамавым храме Мінскай епархіі.
21 сакавіка спаўняецца 80 гадоў ганароваму патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту. Святар быў кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы цягам дваццаці гадоў. Яго мірское імя — Кірыл Вахрамееў. Ён нарадзіўся ў 1935 годзе ў Маскве і адразу пасля заканчэння школы паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, а затым — у духоўную акадэмію.
У 1957 годзе Філарэт стаў манахам, узначальваў Маскоўскую духоўную акадэмію, быў патрыяршым экзархам Заходняй Еўропы. У 1990-х гадах мітрапаліт Філарэт быў народным дэпутатам БССР, а ў 1992 годзе ўзначаліў Беларускую праваслаўную царкву.
За час яго кіравання ў Беларусі з’явіліся дзясяткі храмаў, адрадзіліся духоўныя вучэльні, была арганізаваная Мінская духоўная акадэмія. Мітрапаліт Філарэт паспрыяў таксама стварэнню Інстытута тэалогіі БДУ.
За свае заслугі Філарэт атрымаў званне “Героя Беларусі”, а таксама быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
У канцы 2013 года мітрапаліт Філарэт, які даўно ўжо меў праблемы са здароўем, сышоў на спакой і стаў ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі. Як паведамляе kp.by, цяпер ён па нядзелях служыць у дамавым храме Мінскай епархіі.
Фота: Bymedia