На што спадзяецца Глен Хэнлан?

З 1 ліпеня ў зборнай Беларусі па хакеі “стары-новы” трэнер. Канадзец Глен Хэнлан ужо працаваў з беларусамі ў 2005, 2006 і 2009 годзе. І вось перад адказным хатнім чэмпіянатам свету ён ізноў на чале каманды.

Задача перад Хэнланам стаіць непад’ёмная: зборная, што цяпер на 14-м месцы ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея, мусіць трапіць у васьмёрку мацнейшых! Але спецыяліст не падае духам.

Глен Хэнлан: “Я мару стаяць на лаве за сваімі гульцамі на чвэрцьфінальным матчы. Бліжэйшы час, 4-5 месяцаў, хакеістам давядзецца ўзмоцнена працаваць у сваіх клубах. Працаваць над сабой і не думаць пра чэмпіянат. А са свайго боку я зраблю ўсё магчымае, каб гульцы былі гатовыя. Каб у іх была адпаведная псіхалогія, псіхалогія поспеху. А далей, сіла “Мінск-Арэны” і адданасць заўзятараў будзе працаваць на нас і супраць нашых сапернікаў. Але для гэтага трэба 23 гульцы, якія будуць адчуваць гэта. І гэта мая праца, не іх”.

Папярэднікі Глена Хэнлана: і Кары Хейкіля, і Андрэй Скабелка — здолелі пратрымацца на чале нацыянальнай каманды толькі па паўгода. Фін, прызначаны ў красавіку 2012, сышоў ужо ў кастрычніку — пасля таго, як яго звольнілі з мінскага “Дынама”. Беларусу, прызначанаму ў лістападзе 2012, не даравалі няўдалы выступ на апошнім чэмпіянаце свету. І “адставілі” у траўні гэтага года.

Але Хэнлан будзе мець права на памылку, упэўнены старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін.

Яўген Ворсін: “Ніхто ад гэтага не застрахаваны. Іншая справа: як усе навакольныя будуць ставіцца да гэтага. Ва ўсякім разе, калі мы дамаўляліся пра наша ўзаемадзеянне, у тым ліку і гэта тэма абмяркоўвалася. Таму і кантракт разлічаны на 2+1 год. Магчыма, упершыню ў нас атрымаецца працаваць з трэнерам больш, чым адзін сезон, нягледзячы ні на што”.

У прынцыпе, Хэнлану пашанцавала: перад беларускім чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014 годзе адбудзецца зімовая Алімпіяда, дзе мы пралятаем. Алімпійскі хакейны турнір, што праходзіць раз на чатыры гады, больш прэстыжны, і топавыя каманды сканцэнтруюцца менавіта на ім.

Але Хэнлан не дае расслабіцца:

“Так, калі ўдача нам усміхнецца і топавыя гульцы з некаторых краінаў не захочуць ехаць да нас, бо будуць гуляць на Алімпіядзе, нам будзе лягчэй. Але нашым хакеістам не трэба нават думаць пра гэта! Перад імі стаяць задачы, і іх трэба выконваць. На хвіліначку, мы 14-я ў свеце. У нас няма неабходнасці глядзець на тое, у якім складзе едуць на турнір нашы сапернікі. Нам трэба працаваць”.

Калі Хэнлана папрасілі назваць тры галоўныя рэчы, якія мусяць прывесці зборную да поспеху, ён назваў еднасць, жарсць і дысцыпліну.

Глен Хэнлан: “Па-першае, нам трэба быць разам, быць аб’яднанымі ў каманду. Па-другое, мы мусім граць з жарсцю, у атакуючым стылі. Усе атакі мусяць быць накіраваныя на вароты, не трэба катацца вакол іх. А трэцяе — дысцыпліна, мала штрафаў. На жаль, у зборнай вельмі шмат выдаленняў, гэтага трэба пазбягаць”.

Папярэднія няўдачы Глен Хэнлан тлумачыць зменай пакаленняў, што адбылася на мяжы дзесяцігоддзя. Трэнер збіраецца абапірацца на моладзь, аб’яднаўшы зорак з КХЛ у асобнае, ударнае звяно. Патрэбны зборнай і наш адзіны заакіянскі засланец — Міхаіл Грабоўскі.

Што праўда, форвард нядаўна падпісаў кантракт з “Вашынгтон Кэпіталз”. Хэнлан не ўпэўнены, што хакеіста будуць адпускаць у зборную па першым жа запыце. Але спадзяецца, што “нам пашанцуе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі