Набыў моц прысуд па карупцыйнай справе інспектара мытні ў Пінску
Набыў законную моц прысуд суда Пінскага раёна і Пінска ў дачыненні былога галоўнага інспектара аддзела мытнага афармлення і кантролю мытнага паста Пінск №1 Брэсцкай мытні. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Генпракуратуру Беларусі, асуджанага прызналі вінаватым ва ўхіленні ад уплаты мытных плацяжоў, атрыманні хабару і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
У судзе было даказана, што ён прыняў для сябе 1000 долараў у якасці хабару за ўдалае вырашэнне пытанняў, звязаных з мытным афармленнем некалькіх дарагіх аўтамабіляў.
Апроч таго, ён сам увёз у Беларусь два легкавых аўто для асабістага карыстання і ўхіліўся ад уплаты мытнях плацяжоў на суму каля 500 мільёнаў рублёў.
Суд прызначыў яму пакаранне — 6 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады на дзяржаўнай службе, звязаныя з ажыццяўленнем паўнамоцтваў прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў.
Па інфармацыі Брэсцкай абласной пракуратуры, у 2015 годзе ў судах рэгіёна разгледзелі 49 крымінальных справаў аб карупцыйных злачынствах, па якіх праходзілі 53 асобы.