Наколькі трэба дэвальваваць рубель, каб разгрузіць склады?

Спецыялісты МВФ сцвярджаюць, што беларускі рубель пераацэнены на 11%. Гэтая лічба ўтрымліваецца ў апублікаваным нядаўна аглядзе эканомікі нашай краіны. Цытата:

“Падыход на аснове макраэканамічнай раўнавагі паказвае, што расце разрыў паміж прагназуемым сярэднетэрміновым сальда рахунку цякучых аперацый і разліковай нормай рахунку цякучых аперацый. Гэта прадугледжвае завышэнне курса рубля на 11%”.

Разлікі праводзіліся ў красавіку-траўні, долар тады каштаваў на 100 рублёў менш, чым цяпер. Дададзім 11%, і атрымаецца прыкладна 9600 рублёў за долар. Незалежны аналітык Сяргей Чалы падкрэслівае, што МВФ заўжды вельмі асцярожны ў ацэнках.

“Ацэнкі МВФ заўжды былі аптымістычныя. Напярэдадні дэвальвацыі 2009 года яны рабілі аналагічны разлік, і атрымлівалася, што рубель пераацэнены максімум на 15%. Насамрэч, такая дэвальвацыя была недастатковай для ўзнаўлення знешняй канкурэнтназдольнасці”.

Якая сувязь паміж знешняй канкурэнтназдольнасцю, то бок, экспартам і дэвальвацыяй? Тлумачыць фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб:

“У сітуацыі, калі ўнутры краіны кошты растуць, а рубель адпаведным чынам не падае, для тых, хто імпартуе беларускую прадукцыю, яна ўвесь час даражэе”.

Уявім, што долар каштуе 8 рублёў, а трактар “Беларус” — 8 тысяч рублёў. На 1 тысячу долараў можна набыць 1 трактар. Цяпер перанясемся на 5 месяцаў наперад. Інфляцыя за гэты час склала 6,6%. А рубель адносна кошыка з трох валют не толькі не патаннеў, але і ўмацаваўся! З улікам інфляцыі трактар каштуе 8528 рублёў. То бок, 1066 долараў. Вось такая арыфметыка!

“Для таго, каб умовы проста не пагаршаліся, рубель мусіць падаць хаця б з той хуткасцю, з якой растуць кошты”, — каментуе для Еўрарадыё Вадзім Іосуб.

Прагноз па інфляцыі на 2013 год — 12%. На столькі мінімум мусіць быць дэвальваваны беларускі рубель, каб прыцягальнасць беларускіх тавараў не пагоршылася. А каб “дапамагчы” разгружаць склады, трэба, каб дэвальвацыя была большай!

Тыдзень таму наконт дэвальвацыі выказаліся і віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч, і старшыня Нацбанка Надзея Ермакова. Паводле яе словаў, перадумоваў для рэзкай дэвальвацыі, якая была ў нашай краіне ў 2011 годзе, няма.

Пра памылковасць разавай дэвальвацыі кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё і Пётр Пракаповіч. Высновы рабіце самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі