Neuro Dubel прэзентаваў новы альбом "На Марс!" (фотарэпартаж)

Канцэрт гурта Neurо Dubel, у часе якога музыкі сыгралі свой новы альбом “На Марс!”, прайшоў увечары 10 красавіка ў мінскім клубе "Рэпаблік". Пачатак канцэрта быў пазначаны ў 19.00, але на сцэне музыкі з'явіліся значна пазней, толькі каля 20 гадзін. Да гэтага часу танцпол быў запоўнены амаль цалкам.

Аляксандр Кулінковіч перад прыхільнікамі з'явіўся ў кашульцы з выявай Чэ-Гевары, некаторыя песні з новага альбома спяваў са шпаргалкі. Тлумачыў, што "не паспеў пакуль вывучыць усе тэксты". Але па рэакцыі залі можна меркаваць, што на ўспрыняцце такі падыход паўплываў нязначна. Як мінімум 2-3 новыя хіты ў альбоме "На Марс!" ёсць. Асабліва вогненнай падаецца песня з прыпевам пра "такіх як я не пускаюць ў метро".

Падчас прэзентацыі новых песен Кулінковіч расчуліўся настолькі, што нават сышоў з мікрафонам на танцпол і спяваў адтуль. Назад лідара ND неслі на руках.

Адно што з гукам і тэхнікай на канцэрце было не ўсё добра. За што на наступны дзень Кулінковіч прасіў прабачэння ў сацсетках. Праўда, фанаты гэта ўспрынялі хутчэй як даніну стылю. Панк ёсць панк. Тым больш, што новы альбом нагадвае хутчэй Neuro Dubel сярэдзіны 90-ых, чым апошнія дыскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі