Новую прэзідэнцкую клініку пабудуюць каля Ждановічаў на бюджэтныя грошы
Яна пачне працаваць у 2017 годзе.
Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве комплексу будынкаў Клінічнага медыцынскага цэнтра ў раёне вёскі Ждановічы Мінскага раёна будзе ажыццёўлена ў 2014-2017 гадах. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 лістапада, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Заказчыкам па праектаванню і будаўніцтву комплексу з'яўляецца КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама", генеральнай праектнай арганізацыяй — РУП "Інстытут "Белдзяржпраект", генеральнай падраднай арганізацыяй — ААТ "Будтрэст № 1". Працы па праектаванні і будаўніцтву комплексу будуць фінансавацца за кошт рэспубліканскага бюджэту і бюджэту горада Мінска.
Партал tut.by нагадвае, што 15 траўня сёлета Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець перадачу гарадскім уладам будынка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Упраўлення справамі прэзідэнта, размешчанага ў комплексе будынкаў на вуліцах Чырвонаармейскай і Энгельса. Новы, больш кампактны будынак мусіў быць пабудаваны ў прыгарадзе. Лукашэнка адзначыў, што падобны варыянт патрабуе меншых фінансавых затрат: "Гэта было б нашмат танней для краіны: мы аддаём Ладуцьку гэтую бальніцу, а замест яе, каб горад не марнаваў там 500 млн долараў на будаўніцтва новай бальніцы, маглі б у пяць разоў танней пабудаваць невялікі, кампактны цэнтр".
Мяркуецца, што новая прэзідэнцкая клініка можа каштаваць да 100 млн еўра.
Фота — Fotolia