Пасол Расіі: Грошы Беларусі пералічым. Магчыма, у ліпені, магчыма, у жніўні
Аляксандр Сурыкаў расказаў, калі Беларусь атрымае абяцаныя Расіяй 2 мільярды долараў крэдыту.
“Крэдыт будзе ў любым выпадку. Магчыма, у ліпені, магчыма, у жніўні… Гэта вырашанае пытанне”, — заявіў Аляксандр Сурыкаў 11 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі, прымеркаванай да Дня Расіі.
Пасол падкрэсліў, што перавод грошай — пытанне няпростае. Па словах Сурыкава, цяпер Дзяржаўная Дума Расіі ўзгадняе пытанне выдзялення крэдыта Мінску з бюджэтам дзяржавы.
Крэдыт памерам 2 мільярды долараў Крэмль паабяцаў Беларусі яшчэ восенню мінулага году. Пасля гэтага афіцыйны Мінск атрымаў толькі 450 мільёнаў долараў так званага “хуткага крэдыту” ад расійскага банка ВТБ. Расійскі бок разглядае гэтыя грошы як частку абяцаных двух мільярдаў, Нацбанк Беларусі — як асобны крэдыт расійскага банка.
Фота — tut.by