Патрыярх Кірыл: У Брэсцкай крэпасці, хутчэй за ўсё, загінуў мой дзядзька
Прынамсі, там ён згінуў без вестак.
У Беларусь прыбыў з візітам Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Ён прабудзе ў нашай краіне да 22 чэрвеня і наведае Мінск і Брэст.
Падчас цырымоніі сустрэчы, як перадае БЕЛТА, маскоўскі патрыярх зазначыў, што заўжды прыязджае ў Беларусь з асаблівым пачуццём. Сённяшні ягоны візіт не ў апошнюю чаргу звязаны з 1000-годдзем з дня смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — Хрысціцеля Русі.
Як паведамляла Еўрарадыё, заўтра патрыярх адправіцца ў Брэст. Там ён, сярод іншага, прыме ўдзел у мерапрыемствах у Брэсцкай крэпасці. Патрыярх Кірыл паведаміў, што з гэтым месцам яго звязвае роднасныя пачуцці. У Брэсцкай крэпасці знік без вестак, а хутчэй за ўсё, загінуў яго дзядзька. "Па сямейнай лініі і ў чалавечым плане я вельмі звязаны з гэтымі месцамі", — адзначыў патрыярх.
Фота — БЕЛТА