Прэзідэнт Румыніі з братам апынуліся ў цэнтры палітычнага скандалу
Румынская паліцыя арыштавала Мірча Бэсеску, роднага брата прэзідэнта Траяна Бэсеску, па падазрэнні ў карупцыі.
Як паведамляе РБК, Мірча Бэсеску арыштаваны ў межах крымінальнай справы пра подкуп суддзяў і пракурораў з мэтай вынясення спрыяльнага судовага прысуду крымінальнаму аўтарытэту Санду Ангела.
На пачатку гэтага тыдня мясцовыя СМІ апублікавалі відэазапіс, зроблены схаванай камерай. На запісе Мірча Бэсеску абяцае за плату дапамагчы вызваленню з турмы асуджанага за забойства Ангела. Брат прэзідэнта планаваў выкарыстаць уплыў кіраўніка дзяржавы на старшыню Вышэйшай судовай касацыйнай палаты Румыніі.
Неўзабаве пасля апублікавання відэа прэм'ер-міністр Румыніі Віктар Понта заявіў, што "натуральным крокам" для Траяна Бэсеску стане сыход у адстаўку. Сам прэзідэнт Бэсеску сыходзіць у адстаўку адмовіўся і заявіў, што не мае да справы дачынення.
Румынія займае трэцяе месца па ўзроўні карупцыі сярод краін ЕС. Перад ёй ідуць толькі Балгарыя і Грэцыя.
Фота Траяна Бэсеску — kommersant.md