Расіянін, які запеніў мінскаму міліцыянеру дзверы, атрымаў 1,5 года калоніі
Расіянін, які запеніў мінскаму міліцыянеру дзверы ў кватэру, атрымаў 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, паведамляе minsknews.by. 55-гадовага ваеннага пенсіянера Ігара Капанайку прызналі вінаватым у "хуліганстве" і "абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў". Яго крымінальную справу разглядаў суд Фрунзенскага раёна сталіцы.
Здарэнне адбылося ў лістападзе мінулага года. Мужчына ў Telegram даведаўся адрас Таццяны Абознай, супрацоўніцы Цэнтральнага РУУС, і заліў мантажнай пенай не толькі дзверы, але і паштовую скрыню, пакінуў "абражальны для супрацоўніцы надпіс" ("Мент забойца"). Капанайку знайшлі. Высветлілася, што ён — грамадзянін Расіі, мае від на жыхарства ў Беларусі.
Паводле рашэння суда міліцыянер атрымае 7 тысяч рублёў кампенсацыі шкоды. Гэтыя грошы яна паабяцала патраціць на дабрачыннасць.
"Я не хуліган, не злачынец, — гаварыў у апошнім слове Ігар Капанайка. — Я афіцэр запасу. Калі я бачу несправядлівасць, я завожуся з паўабароту. Так было і тады... Смерць Рамана Бандарэнкі ўразіла ўсю Беларусь... Я не лічу, што надпіс "Мент-забойца" — гэта абраза, гэта — канстатацыя факту...".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.