FEMEN: Мы звернемся ў ААН, АБСЕ і Страсбургскі суд
Украінскія феміністкі рыхтуюць звароты да кіраўнікоў усіх дэмакратычных краін свету, у міжнародныя інстытуцыі і аб’яднанні.
Нагодай стала выкраданне і здзекі ў Беларусі над актывісткамі арганізацыі. Пра гэта Еўрарадыё расказвае кіраўнічка руху FEMEN Ганна Гуцол.
Ганна Гуцол: “Мы будзем звяртацца да кіраўніцтва ўсіх краін свету, якія з’яўляюцца дэмакратычнымі. Мы будзем пісаць у міжнародныя інстытуцыі і аб’яднанні — ААН, АБСЕ і гэтак далей. Спадзяемся, што ўкраінская ўлада запатрабуе ад афіцыйнай беларускай улады тлумачэнняў афіцыйных, напіша афіцыйную ноту з нагоды той сітуацыі, што склалася. Мы на гэта спадзяемся, і мы будзем гэтага патрабаваць”.
Па словах Гуцол, юрыст руху зараз складае спіс тых арганізацый, інстытуцый і аб’яднанняў, куды можна звярнуцца з адпаведным зваротам. Не выключана, што ў тым спісе будуць і судовыя інстытуцыі, накшталт Страсбургскага суда.