FEMEN рыхтуюць відэазварот да беларусаў

Гэта будзе віншаванне з Новым годам, поўнае сюрпрызаў у адмысловым стылі ўкраінскіх феміністак. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Аляксандра Шаўчэнка.

Шаўчэнка: “Вось мы зараз з сябрамі сабраліся і будзем запісваць відэазварот да беларускага народа з віншаваннямі з навагоднімі святамі. І размесціцм яго пасля на ўсіх даступных нам рэсурсах: у сацыяльных сетках, на нашым сайце, у ЖЖ. Там будуць і цыцкі, і ўкраінскія вянкі, магчыма, будзе зялёнка. Карацей — пабачыце!”

Нагадаем, што актывісткі FEMEN пагражалі пагаліць і абліць зялёнкай беларускага амбасадара ў Кіеве. Але, кажа Аляксандра, яны далі паслу некалькі спакойных дзён да Новага года. Потым жа сваю пагрозу абавязкова здзейсняць.

Дарэчы, сёння феміністкі абмяркоўвалі свае планы на 2012 год. Беларусь у іх займае не апошняе месца. Украінкі паабяцалі вернуцца да нас з новымі акцыямі. Да таго ж, у іх планах — вялікі еўрапейскі тур. І паўсюль яны будуць шукаць прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску і там пераследаваць іх з зялёнкай і нажніцамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі