Увесці ў “свой” савет Кастусёва і Дзмітрыева хацеў Макей
Але іншыя сябры савета прапанавалі ўвесці іх у склад працоўных груп.
У абноўлены склад Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта “не прайшлі” Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў і Яраслаў Раманчук. Нягледзячы на тое, што кандыдатуры першых двух прапанаваў сам Уладзімір Макей, а за апошняга выказаліся некалькі сталых сяброў савета.
Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад сябра савета, генеральнага дырэктара Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SATIO Жаны Грынюк. Вось як яна патлумачыла, чаму ім адмовілі ў сяброўстве.
Жана Грынюк: “Кастусёва прапанаваў сам Макей і менавіта ініцыятыўная група вырашыла пакуль што пачакаць з яго ўключэннем. Карацей кажучы, мы баяліся яму нашкодзіць, гэта праўда! Усе сказалі: “Давайце пачакаем, бо Кастусёва могуць увогуле выключыць з БНФ за гэта”. А Дзмітрыеў... Гэта той, што быў у кампаніі “Гавары праўду!”? Таксама Макей прапанаваў яго. Па Дзмітрыеву было сказана, што ён вельмі добры хлопец, але, на жаль, вельмі малады, і ён не з’яўляецца нейкім экспертам. А наш савет — менавіта экспертны, там павінны быць профі высокага класу ў пэўнай галіне. А ён такім не з’яўляецца”.
А вось што тычыцца Яраслава Раманчука, то тут сітуацыя больш складаная і цікавая. Па словах Жаны Грынюк, якая, дарэчы, і прапанавала кандыдатуру экс-кандыдата ў прэзідэнты на ўключэнне ў склад савета, сябры ініцыятыўнай групы вырашылі, што знаходжанне ў іх шэрагах Раманчука можа нашкодзіць іміджу ГКС.
Жана Грынюк: “Раманчука прапанавала персанальна я, падтрымаў Карагін (старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў — Еўрарадыё), Леанід Заіка (кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, незалежны эканаміст — Еўрарадыё), яшчэ некалькі сяброў ініцыятыўнай групы. Але ўсе астатнія сябры ініцыятыўнай групы выказалі меркаванне, што пакуль Яраслаў не растлумачыў сваю пазіцыю пасля выбараў, пакуль ён адкрыта не абазначыў яе, не растлумачыў тое, што адбылося на самой справе — рана яго ўключаць. Бо яго прысутнасць можа кінуць цень на наш няшчасны савет, які і так усе дзяўбуць”.
Дарэчы, Жана Грынюк вельмі пакрыўджаная на тых, хто сцвярджае, што ідэя аднаўлення працы “макееўскага савета” і яго мадэрнізацыі належыць кіраўніку краіны. Кажа, што ўсе прапановы распрацавалі сябры былога савета і сённяшняй ініцыятыўнай групы, і кіраўнік краіны тут ні пры чым. Што ж тычыцца Кастусёва, Дзмітрыева і Раманчука, то адмова ўвесці іх у склад ГКС не азначае, што з імі “макееўцы” не будуць супрацоўнічаць — ім прапануюць увайсці ў склад працоўных груп.
Для Рыгора Кастусёва тое, што яго інтарэсы ў кансультацыйным савеце “лабіраваў” кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, стала нечаканасцю.
Рыгор Кастусёў: “Мяне ведаюць людзі, якія працуюць у розных міністэрствах. З некаторымі і я знаёмы. І я не лічу кепскім тое, што я ведаю шмат чыноўнікаў высокага рангу. Але яго (Макея — Еўрарадыё) я ведаю толькі завочна — персанальна мы з ім не знаёмыя. Але можа Макей ведае, што я чалавек, які не толькі займаецца палітыкай, але яшчэ і з’яўляецца прафесіяналам у іншых справах — па працы. Гэта — і жыллёва-камунальная гаспадарка, і сельская гаспадарка”.
Адмова ўключыць яго ў склад савета, Кастусёва не расстроіла і не пакрыўдзіла. Што ж тычыцца магчымасці яго працы ў працоўнай групе пры савеце, то, кажа, ён будзе раіцца з калегамі па партыі і калі яны не будуць супраць, то і ён адмаўляцца ад прапановы не будзе. Калі яна паступіць. Бо пакуль нічога канкрэтнага з “макеўскага савета” яму не прыходзіла.
Што ж тычыцца людзей, якія прайшлі “кастынг” і патрапілі ў абноўлены склад грамадска-кансультацыйнага Савета, то, кажа Жана Грынюк, іх імёны вырашана не называць. Да таго часу, пакуль на першым пасяджэнні не будуць агучаны новы рэгламент, план працы і склад савета.