Наста Палажанка: Ёсць загад — свядома ламаць Дашкевіча

Еўрарадыё: Як ты лічыш, з чым звязана тое, што Зміцер ужо трэці раз трапляе ў карцар?


Наста: “Я думаю, гэта звязана з тым, што ў адміністрацыі ці ў кагосьці яшчэ ёсць загад - свядома ламаць Дашкевіча. Паколькі ўсе цудоўна ведаюць, які ён ёсць, які ў яго характар, наколькі ён прынцыповы, наколькі доўга ён займаецца сваёй дзейнасцю. У прынцыпе, іншага тлумачэння такога жорсткага стаўлення да яго я не магу знайсці”.

Еўрарадыё: Ці ты не лічыш, што гэта можа быць звязана з папярэднім паведамленнем у СМІ пра тое, што ў вас можа адбыцца шлюб у калоніі?


Наста: “Не, я не  думаю, што з гэтым звязана. Безумоўна, калі ёсць схема ламаць чалавека, ці ёсць схема рабіць нейкім чынам ягонае знаходжанне ў турме невыносным, то так, безумоўна, яны адкладаюць момант шлюбу. Бо гэта таксама падтрымка. Ёсць шматлікія іншыя рычажкі ўплыву там. Гэта ўсяго толькі адзін з фактараў ціску, але я не думаю, што ён стаўся прычынай. Прычынай, я думаю, ёсць тое, што Зміцер Дашкевіч ад 2001 году з'яўляецца сябрам "Маладога фронту". А цяпер ён стаў мужным і прынцыповым палітыкам у беларускай прасторы”.

Еўрарадыё: Калі Зміцер увесь час знаходзіцца ў карцэры няма гарантыі, што вяселле можа адбыцца ў хуткім часе?


Наста: “Безумоўна. Больш за тое, нават няма гарантыі, што адміністрацыя накіраваная на тое, каб вяселле адбылося. Але жыццё ёсць такое, якое яно ёсць. Будзем глядзець, бачыць і дамагацца ўсемагчымай абароны Змітра”.

Еўрарадыё: Гэта другая калонія, у якую перавялі Змітра. Атрымліваецца, што ўмовы тут горшыя, чым у папярэдняй?


Наста: “Гэта не тое, каб другая калонія. Раней Зміцер утрымоўваўся ў СІЗА, а яшчэ раней, у 2007 годзе, ён сядзеў у Шклове паводле артыкула “Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, дзе яго прысудзілі да 1,5 гадоў. Безумоўна бачна, што стаўленне да Змітра зусім іншае, чым яно было там. Я не скажу, што яно тады было лаяльным. Не. Але пры гэтым яно было прынамсі зразумелае. А зараз сапраўды шматлікія рэчы, што там адбываюцца, я не магу назваць ніяк інакш, як проста бясчынства. Я рада, што ў апошні момант да яго здолеў трапіць адвакат. Я спадзяюся, што нейкім чынам мы будзем імкнуцца агалошваць гэтае пытанне і вырашаць. Бо калі адміністрацыі хтосьці аддаў загад жорстка ставіцца да Змітра Дашкевіча, я думаю, ва ўсім ёсць свая мяжа. Я вельмі спадзяюся, што шматлікае з таго, што там ёсць, гэта нейкая самаініцыятыва дзеля дадатковых пагонаў ці нечага іншага. Я вельмі спадзяюся, што гэтая сітуацыя здольная вырашыцца, бо ад гэтага ў прынцыпе залежаць і нашыя дзеянні. Яны будуць павялічвацца з той жа самай тэндэнцыяй, як Дашкевічу будзе станавіцца горш. Я думаю, што гэта нікому невыгодна”.

Еўрарадыё: Што кажа адвакат? Па апошніх звестках, Зміцер трапіў у карцар таму, што яму было забаронена размаўляць з сукамернікамі. Ці можа быць абскарджанае такое рашэнне адміністрацыі?


Наста: “Не, гэта нефармальны загад, і безумоўна яго нельга абскарджваць у пракуратуру, бо ён нідзе не прапісаны. Але ўсе тыя спагнанні, што яму прыпісваюць, мы, безумоўна, будзем абскарджваць. Напрыканцы тыдня, я спадзяюся, ў нас будзе магчымасць пабачыць нарэшце асабістую справу Дашкевіча і ўсё будзе абскарджанае, ў гэтым няма сумневу”.

Фота з архіва і Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі