Навагодні хіт-парад Еўрарадыё!
Самыя вядомыя навагоднія ды калядныя беларускія песні з невядомымі раней гісторыямі стварэння і ўспамінамі аўтараў (+ новая песня "Крамы"!).
Першая частка:
Другая частка:
Трэцяя частка:
Чацвертая частка:
Напярэдадні святаў Еўрарадыё сабрала найбольш актуальныя, вядомыя ды хітовыя калядныя ды навагоднія песні. Прычым самі музыкі распавялі пра стварэнне сваіх хітоў ды час, калі яны пісаліся. Самым “пладавітым” на трэкі гэтай тэматыкі аказаўся Лявон Вольскі. Да прыкладу, “Крамбамбулеўскі” “Новы год” выйшаў на альбоме гурта “Каралі раёну”, на якім, апроч Лявона Вольскага, з’явіліся запрошаныя вакалісты
Лявон Вольскі: “У Сяргея Міхалка былі песні, не скарыстаныя ў асноўным праекце (Ляпис Трубецкой) і не скарыстаныя на адзіным альбоме “Сашы і Сірожы”. І вось адной з такіх песень і была “Новы год”. То бок гэта аўтарская песня Сяргея, а мой тут толькі аўтарызаваны пераклад на беларускую мову. Таму мы яе адаптавалі і зрабілі. Ну, а як цікавостка – тое, што ў ёй грае сапраўдная зорка духавога мастацтва Валерый Шчарыца, які цяпер у Кіеве працуе. Ён грае ў песні такое лаціністае сола на трубе”.
Крамбамбуля "З новым годам"
Лявон Вольскі: “Увогуле наш альбом “Крамбамбуля Святочная” прымеркаваны адмыслова да розных святаў. А паколькі Новы год якраз не хатняе свята, хатняе свята – Каляды… то бок гэта савецкі міф, што Новы год трэба сустракаць у вузкім сямейным коле. Насамрэч Новы год – гэта свята святога Селвестра, якое адзначаецца на гарадскіх плошчах, у рэстаранах, у шумных кампаніях, таму і песня “З новым годам” такая рухавая, дыска-фанк, вясёлая. З ёй былі прыколы падчас здымкаў кліпа, але досыць сумнаватыя прыколы. Атрымалася так, што я спачатку адпачываў у Чарнагорыі і потым быў вымушаны ехаць на канцэрт гурта NRM на Вроцлаўшчыну ў Польшчу. Дабіраўся я суткі ўсялякімі перакладнымі, чартарам да Брно, адтуль на таксоўцы прыехаў у раён Вроцлава… а тым часам “Крамбамбуля” без мяне здымала ў Варшаве кліп… І вось вярнуўшыся дахаты з гэтай дзікай паездкі (з Чарнагорыі ў Брно, з Брна ў Вроцлаў, а потым па дарозе мы трапілі ў аварыю і яшчэ два дні рамантавалі аўтобус), я мусіў у той жа дзень начным маскоўскім цягніком выязджаць у Варшаву. Прыехаў, а там стаіць тагачасны склад “Крамбамбулі” і ўсе такія вельмі смурныя. Натуральна, я запытаўся што здарылася, а яны кажуць, што хацелася б якога піўка папіць для настрою, але няма за што… Як высветлілася, адзін з прадзюсераў гэтых здымак нешта круціў з бюджэтам, але безумоўна цуд адбыўся (смяецца)”.
NRM "Дзед Мароз"
Лявон Вольскі: "Была такая ж зіма я памятаю, гэта быў 1999 год. Я тады не ездзіў на машыне, ездзіў на грамадскім транспарце і калі знаходзіўся ў аўтобусе ці метро, то абстрагаваўся ад рэчаіснасці, і мне прыходзілі розныя тэмы песень. У тым ліку і “Дзед мароз” прыйшла ў транспарце, таму там ёсць такія радкі “Пенсіянеры ў тралейбусах мараць пра СССР”. А настрой у песні такі, бо пасля 1994 года настрой увогуле быў досыць прыгнечаны. Але перыяд быў вельмі плённы, бо альбом “Тры чарапахі” складаецца толькі са знакавых песень. Тагачасны мой гурт перажываў другі ўздым, першы быў у раёне альбома “Одзірыдзідзіна”. У нас тады пачыналіся гастрольныя туры. Была такая кантора “Бульба рэкардс”, якая зрабіла дыстрыбуцыю альбома на ўсю тэрыторыю Беларусі. На той час для беларускага гурта гэта было нешта неверагоднае. Ніхто не ездзіў з такімі канцэртнымі турамі, як мы пачалі ездзіць з 2000 года, бо мы ездзілі абсалютна на самаакупнасці. Напачатку ў нас нават былі нейкія мінусавыя канцэрты, але потым усё прыйшло да парадку".
Zet "З новым годам"
Лявон Вольскі: "У мяне ніяк не складалася з тэкстам да гэтай песні, ужо ўсё было гатова, аранжыраванне было зроблена да шчыгулаў. Таму мы паехалі ў студыю, а запісваліся мы ў Мазыры на студыі гурта “Отражение”. І вось у дзень запісу, больш за тое, у дзень запісу вакалу, бо ўсе інструментальныя трэкі ўжо былі прапісаныя, я сеў у студыі і напісаў тэкст песні… экспромтам (усміхаецца). Гэта рэдка бывае, калі натхненне інспіруецца абставінамі, вось неабходна, каб было зроблена тут і цяпер! Але думкі, пра тое, што гэта будзе песня пра Новы год былі першапачаткова. Мы нават вокладку зрабілі, дзе ў календары ўсе дні нулявыя. Была і фотасесія адмыслова для гэтага зроблена. То бок, была думка, што рэфрэнам мусіць быць “З Новым годам!”, а вось скампанаваць асноўны куплетны тэкст – у мяне не было ніякіх думак. Ну, атрымалася ж! Мне падаецца, што песня някепская атрымалася, адзінае што дэпрэсіўная вельмі (усміхаецца)".
Беларускія барды таксама паўдзельнічалі ў напісанні навагодніх песень! Праўда паставіліся яны да гэтага працэсу больш сур’ёзна. Віктар Шалкевіч, напрыклад, падчас напісання песні “Святы Мікалай” прытрымліваўся адукацыйных мэтаў.
Віктар Шалкевіч: "Я ж выхоўваўся ў каталіцкай сям’і, і бацькі мне заўсёды казалі: “Віцю, вунь панчоху пакладзі ці чаравік пастаў пад ёлку, і табе нехта нешта пакладзе!” Праўда, час ад часу клалі, а час ад часу – не, але я заўсёды меў надзею, што ён прыйдзе. То бок, пра гэтую істоту я ведаў з дзяцінства. А калі ў мяне нарадзілася дачка Марта, мы з жонкай пачалі гэтую традыцыю культываваць. Акурат наступілі 90-я гады, калі практычна ўзнікла незалежная рэспубліка Беларусь. Трэба было рабіць усё ад падставаў, пачынаць усё “ад яйка”, закладаць нейкія нармальныя традыцыі… Мне падумалася, што да беларускіх дзяцей мусіць прыходзіць не “сталінскі Дзед Мароз”, а той, хто прыходзіў да ўсіх, да ўсёй Еўропы, то бок, прыйсці мусіў Святы Мікалай! У 1990-я гады практычна ўсе жылі бедна, але ў вялікім пакоі ў нас заўсёды стаяла ёлка, і мы дачцэ ўпойвалі гэтую ідэю, маўляў, Марта, кожны дзень ад ночы 24-га снежня і аж да свята Трох каралёў, да 6 студзеня будзе прыходзіць таямнічая істота і класці пад елку падарункі. І вельмі смешна было! Уявіце, мы раніцай чуем: адчыняюцца дзверы ў Марцін пакой, і дзіця босымі нагамі бяжыць па падлозе ў вялікі пакой, дзе елка стаіць. Потым раздаеца радасны крык, бо яна знайшла падарунак. І нават зара, калі яна ўжо вялікая дзеўка, ёй дваццаць з нечым гадоў, усё роўна, калі яна прыязджае да нас на вакацыі, то кожны дзень атрымлівае падарунак ад Святога Мікалая. Таму песня – гэта спроба гэты заходнееўрапейскі міф паставіць на беларускія рэйкі, бо ў нас пра Святога Мікалая не вельмі ведалі. Песня – такое хрэстаматыйнае апавяданне. Мне падаецца, што яно атрымалася!)"
Ну і як жа без фальклору, тут мы звярнуліся да сусветна вядомага хіта, які пераспяваў гурт Палац, а ў дадатак атрымалі гісторыю і пра вельмі старадаўнюю песню.
Алег Хаменка: "Песня Jingle Bells сапраўды лічыцца сусветна вядомай і ледзь не народнай, але яна мае свайго аўтара. Праўда, у аўтарскім варыянце ноты крыху не тыя. Песня з’яўлялася ў розных і джазавых і безлічы іншых апрацовак. А нам захацелася перш за ўсё зрабіць беларускі пераклад. Пераклад рабіў я, але мне дапамагаў мой сын, бо я не вельмі добра ведаю англійскую. Але пераклад атрымаўся вельмі дакладным, бо ўсе радкі вельмі блізкія да шырока вядомага англійскага тэксту. Было гэта пасля праекта “Палац танчыць”. А далей мы з Рэям Хвісевічам дзеля жарту пачалі разважаць, што з песняй трэба зрабіць, каб атрымалася відавочна хітовая рэч, так і з’явілася фанаграма".
Палац "Ішла Калядка"
Алег Хаменка: "Гэта вельмі старадаўняя песня, тэкст у ёй надзвычай старадаўні. Першы радок песні: “Ішла Калядка – божая матка” – з якіх гэта часоў можа быць? Напэўна, нават з дахрысціянскіх. Але ёсць там і такі радок “Індык бяжыць, барада дрыжыць”. Але бабуля, якая спявала гэтую песню на Магілёўшчыне, спявала не індык, а індэец. Нават давялося адмыслова ўдакладняць, што робіць індэец у каляднай песні, высветлілася, што ўсё ж індык. Але традыцыя смажыць індэйку распаўсюджана ў Еўропе, а перадусім у Англіі… Гэта іх уплыў на нас, ці наш уплыў на іх? Іншая справа адкуль тут індыкі, бо іх прывезлі, калі не памыляюся, з Паўночнай Амерыкі недзе ў 18 стагоддзі. Значыць, ёсць уплыў на гэтую песню і 18-га стагоддзя. Песня “Ішла Калядка” вельмі цікавая гарманічна, але мелодыка там… можа восем нот усяго. Ну а перад творам і на прыканцы яго мы выконваем цытату з таксама вядомай каляднай песні “Дзіўная ноч”".
Найвыбітнешым і папулярным навагоднім хітом аднагалосна названая песня “Цуд на каляды” Аляксандра Памідорава. Але, як прызнаўся сам аўтар, папулярнасць атрымала ўжо другая версія тэксту песні.
Аляксандр Памідораў: "Гэта такі псеўда-“гангста” быў! Пра чалавека, які бяжыць з вязніцы, і на Каляды яму пашчасціла. Але калі мы запісалі песню, прадзюсар складанкі “Святы вечар-2000” Алесь Суша паслухаў і сказаў, маўляў, як так можна, трэба ж святочна, а тут нейкія гангстары!.. Прычым песня першапачаткова рабілася, каб не прайшла “высокую камісію”, але так здарылася, што прайшла яе адной з першых. Значыць, я прыязджаю, а там ужо пан прадзюсар вылічыў колькасць складоў у словах, расставіў і па тым, што вылічыў, напісаў свой тэкст. Кажа: “Вось гэты варыянт мусіць увайсці, так яно добра пойдзе!” Я паспрабаваў патлумачыць, што вылічыць ён вылічыў, але рытмікі, памеру не прытрымліваўся! Мы паспрачаліся недзе гадзіну, потым я раззлаваўся, на хадзе перарабіў першы ды апошні куплет і перазапісаў. А лацінская ўстаўка – гэта сапраўдная начная меса, дакладней – ейны фрагмент. Мне яго па маёй вялічэзнай просьбе даў Тадэўш Кандрусевіч, які тады яшчэ не быў мітрапалітам. Мне далі калядную месу на Нараджэнне, і я выбраў начную. Зараз і на сольных выступах і разам з гуртом мы выконваем першапачатковы варыянт тэксту і, нават, плануем яго запісаць. Але зараз гэта ўжо не ганста-рэп, а такі беларускі народны R’n’B".
Выдатнага вам Новага года ды Калядаў, ну а плэй-ліст для святочных танцаў і памятных адзначэнняў мы вам склалі!)
Фота: budzma.org