160 тысяч чалавек папрасілі Лукашэнку адмяніць смяротнае пакаранне (фота)
Подпісы збіралі адразу ў 30 краінах.
Справа Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва нагадала свету аб тым, што ў Беларусі яшчэ існуе смяротнае пакаранне і за злачынствы расстрэльваюць людзей. У выніку кампанія за ўвядзенне мараторыя на вышэйшую ступень пакарання спачатку развярнулася ў інтэрнэце, а потым набыла і рэальныя вынікі. Адразу некалькі праваабарончых арганізацый назбіралі ажно 160 тысяч подпісаў пад адпаведнай петыцыяй.
“Вельмі шмат актывістаў са ўсяго свету ўдзельнічалі. Мы сабралі 160 тысяч подпісаў за мараторый. З 30 краін. І мы хочам зараз перадаць арыгіналы подпісаў прэзідэнту. Каб паказаць грамадскую думку. Там і з Беларусі ёсць подпісы. Гэта каб паказаць, што ёсць вельмі моцная грамадская думка, якая патрабуе, каб прэзідэнт Лукашэнка аб’явіў мараторый на смяротнае пакаранне”, -- расказала Еўрарадыё прадстаўніца Amnesty International Хізэр Макгіл.
Стотысячны подпіс за адмену смяротнага пакарання паставіў драматург Том Стопард.
Акрамя “Міжнароднай амністыі” подпісы пад петыцыяй збіралі прадстаўнікі беларускіх “Вясны” і “Хельсінскага камітэту”. Кіраўнік апошняй арганізацыі, Алег Гулак, настойвае, што падача петыцыі Лукашэнку – гэта не ультыматум і нават не патрабаванне. Мэта праваабаронцаў – паказаць, што грамадская думка насамрэч не такая адназначная.
“Я не хачу гадаць, наколькі кіраўніцтва краіны гатовае прыслухацца да гэтых зваротаў. Але важна, што ёсць грамадская думка. Ёсць пазіцыя людзей у Беларусі, па-за яе межамі. Нам шмат гаварылі пра тое, што пытанне адмены смяротнага пакарання звязанеа менавіта з грамадскай думкай. Такім чынам гэтая праблема, на маю думку, вырашаецца”.
Петыцыю ў праваабаронцаў прынялі. Прымусілі перапісаць некаторыя фармулёўкі, але прынялі. А вось стосы картак з подпісамі папрасілі даслаць поштай. Маўляў, такі ў нас парадак. У выніку праваабаронцы на некаторы час акупавалі адно з паштовых аддзяленняў, адпраўляючы бандэролі. Пры гэтым ніхто ім не перашкаджаў.
А вось шматдзетнай маці Таццяне Гацуры, якая падавала Лукашэнку сваю асабістую просьбу аб адмене смяротнага пакарання для Кавалёва і Канавалава два дні таму, пашанцавала менш. Сёння раніцай яе сустрэлі невядомыя ў цывільным і адвезлі спачатку ў пастарунак, а потым у суд.
“Я запаркавалася ля свайго пад’езда. Адразу за маёй запаркавалася машына, з якой выйшлі два чалавекі ў штацкім, яны здалёк паказалі свае дакументы, не далі мне магчымасці запомніць пасаду і прозвішча, нічога. Адзінае, што я ведала, што гэта з цэнтральнага РУУС. Яны патрабавалі, каб я ехала з імі. Я адмовілася ў сувязі з гэтымі парушэннямі з імі ехаць. Патрабавала ад іх павестку і гэтак далей. Таму яны мяне на руках акуратна аднеслі і паклалі да сябе ў машыну”.
Гацура ў выніку атрымала 700 тысяч рублёў штрафу. Такі вось падарунак на дзень народзінаў жанчыне. Ёй сёння акурат споўніўся 31 год.