Журналісткам аддалі тэхніку, забраную на акцыі Femen
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла фотажурналістка Юлія Дарашкевіч. Фота- і відэатэхніку міліцыянты трымалі амаль месяц.
Нагадаем, што 19 снежня ўкраінскія актывісткі зладзілі акцыю каля КДБ у цэнтры Мінску. Чамусьці спецслужбы затрымалі на акцыі журналістак — Юлію Дарашкевіч і Таццяну Гаўрыльчык. Іх завезлі ў пастарунак і пратрымалі там цэлы дзень. Тэхніку ў журналістак забралі.
Дарашкевіч: "Тэхніку сапраўды вярнулі. Нібыта ўсё працуе — наколькі там магчыма было праверыць у РУУСе. У мяне забіралі фотакамеру з аб'ектывам і ноўтбук".
Па словах журналісткі, міліцыянты вярнулі таксама Таццяне Гаўрыльчык відэакамеру, забраную на акцыі.