Сацыёлагі: Беларусы сталі лепш адносіцца да Расіі і горш да ЕС

Апублікаваныя дадзеныя апошняга даследавання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Сацыёлагі адзначаюць у ім, што ў апошнія гады ў "знешнепалітычных арыентацыях беларусаў" назіралася тэндэнцыя "пацяплення" адносінаў да Еўропы і "пахаладання" да Расіі. Аднак цяпер яна памянялася на супрацьлеглую.



Паводле даследавання НІСЭПД, калі б сёння праходзіў рэферэндум аб аб'яднанні Беларусі і Расіі, "за" прагаласавалі б 29,3% апытаных беларусаў, супраць — 47,7% (у снежні 2013 года — адпаведна 23,9% і 51,4%).



На рэферэндуме аб уступленні ў Еўрапейскі саюз "за" прагаласавалі б 30,2%, супраць — 44,3% (у снежні — адпаведна 35,9% і 34,6%).



Пры неабходнасці выбару на гіпатэтычным рэферэндуме паміж аб'яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрапейскі саюз за першы варыянт сёння выказваюцца 51,5%, а за другі — 32,9% (у снежні — 36,6 і 44,6%).



Толькі 8,6% апытаных паставіліся станоўча да "заклікаў некаторых палітыкаў у Беларусі і на Захадзе не праводзіць у Беларусі чэмпіянат свету па хакеі ў траўні 2014 года, калі да таго часу ў краіне не спыняцца парушэнні правоў чалавека". 47,9% паставіліся да такіх заклікаў адмоўна, 39,3% гэта абыякава.



63,8% апытаных мяркуюць, што праз 10 гадоў Беларусь будзе бліжэйшай да Расіі і толькі 19,2% — што бліжэй да Еўрапейскага саюза.



Галоўнай прычынай такіх зменаў у свядомасці беларусаў спецыялісты НІСЭПД лічаць падзеі ва Украіне.

 

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі