Саміт ЕС ухваліў пагадненне аб Brexit, цяпер справа за брытанскім парламентам
Экстраны саміт ЕС ухваліў пагадненне аб Brexit. Цяпер праект пагаднення павінен прайсці праз брытанскі парламент. Як паведамляе ВВС, праект пагаднення рыхтаваўся амаль два гады, гэта дакумент на 585 старонак. У ім прапісаныя ўсе механізмы выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза.
Увесь пераходны перыяд пасля Brexit будзе доўжыцца да канца 2020 года і яго могуць працягнуць толькі адзін раз. Вялікабрытаніі давядзецца выконваць у гэты час усе свае абавязкі краіны ЕС і датрымлівацца ўсіх нормаў еўрапейскага рынку, аднак яна не будзе мець доступу да прыняцця рашэнняў у Еўрасаюзе.
Узгадненне дакумента ў парламенце Вялікабрытаніі можа быць складаным працэсам: супраць пагаднення настроеныя ўсе прадстаўнікі апазіцыі, а таксама дзясяткі дэпутатаў з Кансерватыўнай партыі, якая і без гэтага не мае большасці.
Калі парламент не прыме праект пагаднення, то яго ўнясуць на дапрацоўку ва ўрад краіны. Калі ж і новы план не будзе прыняты, варыянтаў развіцця падзеяў некалькі: выйсце з ЕС без пагаднення, новы рэферэндум, перамоўны працэс, або выбары новага парламента.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй звярнулася да сваіх суайчыннікаў з просьбай падтрымаць прыняцце дакумента, які “перагарне новую старонку ў жыцці краіны”.
Рэферэндум аб выхадзе з ЕС адбыўся ў Вялікабрытаніі ўвосень 2016 года. За выхад з саюза выказаліся 51,9% удзельнікаў галасавання. Меркавалася, што Злучанае Каралеўства пакіне ЕС у сакавіку 2019 года, аднак пазней дамовіліся аб падаўжэнні пераходнага перыяду. За гэты час настроі ў брытанскім грамадстве змяніліся і ўсё часцей гучаць заклікі застацца ў складзе Еўрасаюза.