Следчы камітэт: Дырэктара гатэля "Планета" ніхто не збіраўся затрымоўваць
Следчы камітэт абвяргае інфармацыю шэрагу СМІ, быццам перад смерцю дырэктара мінскага гатэля яго хацелі затрымаць міліцыянты.
Па словах прадстаўнікоў Следчага камітэта, якія перадае interfax.by, ніякіх крымінальных спраў на Валерыя Агірэнку ў іх не было і няма. Таму яго ніхто не збіраўся затрымоўваць.
Па словах работнікаў Следчага камітэта, міліцыю двойчы выклікалі суседзі Агірэнкі. Іх устурбавала, што мужчына сядзіць на парэнчах гаўбца на восьмым паверсе і быццам збіраецца скочыць. Першая опергрупа нікога не пабачыла і з'ехала. А праз нейкі час суседзі зноў выклікалі міліцыянтаў. Пакуль тыя падымаліся на восьмы паверх, мужчына скочыў наніз.
Нагадаем, што ўчора стала вядома пра смерць дырэктара мінскага гатэля "Планета". Асноўнай версіяй называецца самагубства. Тым не менш, следства вывучае і іншыя версіі.
Суседзі паведамілі журналістам Радыё "Свабода", што да дома, дзе жыў Агірэнка прыбылі міліцыянты ў бронекамізэльках — нібыта, затрымоўваць яго.
Фота — ru.123belarus.com і bel-jurist.com