Над Украінай збілі пасажырскі самалёт Амстэрдам — Куала Лумпур (фота,відэа)
Ён ляцеў праз міжнародны калідор на вышыні 10 тысяч метраў. Загінулі 283 пасажыры і 15 членаў экіпажу.
Як паведамляе "Украінская праўда", з самалётам Boeing 777 кампаніі "Malaysia Airlines" раптоўна знікла сувязь. Ён быў збіты і ўпаў каля Шахцёрска.
Загінулі 283 пасажыры і 15 членаў экіпажу, напісаў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Ён сцвярджае, што самалёт быў збіты з зенітна-ракетнага комплекса "Бук", які атрымалі з Расіі тэрарысты.
Як паведамляюць украінскія СМІ, агонь па самалёце вёўся з раёна, які займаюць тэрарысты і расійскія найміты. Украінскіх войскаў і супрацьпаветранай абароны там няма. У той жа час каля маршрута лайнера праходзіў маршрут украінскага ваенна-транспартнага самалёта Іл-76, які накіроўваўся для скідкі грузаў украінскім вайскоўцам.
Крыніца ў Мінабароны Украіны мяркуе, што расійская супрацьпаветраная абарона дала наводку тэрарыстам на знішчэнне ўкраінскага самалёта, але ў выніку памылкі ракетны ўдар быў нанесены па грамадзянскім авіялайнеры.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка звярнуўся да ўраду з тым, каб тэрмінова была створаная дзяржаўная камісія па расследаванню трагедыі. Ён прапанаваў далучыць да яе працы прадстаўнікоў міжнародных структур. Парашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых.
"Упэўнены, што вінаватыя ў гэтай трагедыі будуць прыцягнутыя да адказнасці", — заявіў Пятро Парашэнка. Пазней Парашэнка назваў авіякатастрофу тэрактам.
Фота — Reuters. Больш здымкаў з месца катастрофы можна пабачыць тут.
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс напісаў у твітары, што трэба правесці міжнароднае расследаванне катастрофы самалёта ва Украіне і сурова пакараць вінаватых.
У самалёце ляцелі пераважна турысты, было шмат дзяцей.
З'явілася неафіцыйная інфармацыя, што на борце самалёта былі амерыканцы (23 чалавекі). Як інфармуе РІА "Новости", прэзідэнт Расіі абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША крушэнне самалёта ва Украіне. Пуцін "праінфармаваў" Абаму. Іншыя падрабязнасці тэлефоннай размовы не паведамляюцца.
Нагадаем, учора на вышыні больш за 6 тысяч метраў быў збіты ўкраінскі самалёт. Кіеў заявіў, што ён быў збіты расійскім самалётам.
У сацыяльных сетках мясцовыя жыхары змяшчаюць здымкі абломкаў малайзійскага "Боінга", які ўпаў у Данецкай вобласці.