Справу аб банкруцтве "Дэльта Банка" пачнуць разглядаць 21 жніўня
Адпаведную заяву суд прыняў 18 траўня.
Справу аб банкруцтве ЗАТ “Дэльта Банк” калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда Беларусі пачне разглядаць 21 жніўня, паведамляе БелаПАН. Заяву аб банкруцтве гэтай установы суд прыняў 18 траўня і пастанавіў распачаць вытворчасць па справе даўжніка. Вызначэннем суда было, у прыватнасці, прадугледжана адкрыць у дачыненні “Дэльта Банка” конкурсную вытворчасць, а кіруючым у справе аб банкруцтве прызначыць Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асобаў.
Сярод іншага, на кіруючага ўсклалі абавязак правесці за 30 ліпеня сход крэдытораў і зацвердзіць на ім план ліквідацыі. Да 12 жніўня трэба было падаць у суд план ліквідацыі і пратакол першага сходу крэдытораў.
12 сакавіка Нацбанк увёў у ЗАТ “Дэльта Банк” часовую адміністрацыю па яго кіраванні, а праз некалькі дзён, 18 сакавіка, адклікаў у банка ліцэнзію. Прычынай такіх захадаў сталі негатыўныя паказнікі працы і цяжкае фінансавае становішча крэдытнай установы.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, “Дэльта Банк” у 2012-2014 гадах размясціў у еўрапейскіх банках грошы на агульную суну 35 мільёнаў долараў, якія абцяжарваліся даўгавымі абавязаннямі. Банк не мог распараджацца размешчанымі за мяжой уласнымі актывамі, якія былі выведзеныя з банкаўскага абароту.
Па стане на 18 траўня практычна ўсім укладчыкам “Дэльта Банка” вярнулі іх грошы праз Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асобаў.