Стала вядома, колькі беларусаў афіцыйна працуе ў Польшчы

Колькасць работнікаў з Беларусі ў Польшчы павялічваецца, але тэмпы росту рэкордна замарудзіліся (ілюстрацыйнае фота) / pap.pl
Стала вядома, колькі беларусаў афіцыйна працуе ў Польшчы (колькі неафіцыйна, невядома, летась злавілі больш за 900 чалавек). На канец 2024-га іх налічылі 134900 чалавек (столькі было пакрыта пенсійным страхаваннем). Гэта на 5500 больш, чым год таму, піша mostmedia.io са спасылкай на звесткі Упраўлення сацыяльнага страхавання.
Колькасць работнікаў з Беларусі ў Польшчы павялічваецца, але тэмпы росту рэкордна замарудзіліся. Згаданы прырост у 2024-м — самы нізкі за апошнія восем гадоў, адзначае выданне. У канцы 2020 года легальна працавалі ў Польшчы 50,6 тысяч грамадзян Беларусі. А праз год іх было ўжо 71,2 тысячы. У канцы 2022-га ў сістэме сацыяльнага страхавання было зарэгістравана ўжо 108,1 тысячы беларусаў. Рост працяваўся і ў 2023 годе — на 21300 чалавек.
Цяперашнія тэмпы працаўладкавання беларусаў у Польшчы тлумачаць і запаволеннем палітычнай эміграцыі, і ўзмацненнем строгасці візавай палітыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.