Сёлетні аналіз “індэксу цэнзуры” беларускіх СМІ паўтарае аналіз 2009 года
Эксперты БАЖ расказалі пра рэпрэсіі ўладаў у дачыненні да незалежных медыя, а ў БАЖ пацікавіліся, за якія грошы асацыяцыя “набыла новы шыкоўны офіс”.
Пяцігоддзю з дня набыцця моцы Закона "Аб СМІ” прысвяцілі свой аналіз сённяшняй сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі эксперты брытанскай арганізацыі “Індэкс цэнзуры” і айчынныя медыя-эксперты. Высновы несуцяшальныя, дзеліцца высновамі Андрэй Аляксандраў.
Андрэй Аляксандраў: “Галоўныя праблемы, якія існавалі са свабодай СМІ ў Беларусі, застаюцца гэтымі праблемамі. Найперш, гэта рэпрэсіўнае заканадаўства, якое абмяжоўвае дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў, і гэта пытанні бяспекі журналісцкай дзейнасці. Вельмі востра стаіць праблема адвольных затрыманняў журналістаў, асабліва тых, якія працуюць падчас вулічных акцый”.
Па звестках экспертаў, у перыяд з 2011 па 2013 гады было зафіксавана 265 фактаў, “калі супрацоўнікі праваахоўных органаў умешваліся ў працу журналістаў, часам ужываючы празмерную фізічную сілу”.
Асаблівую ўвагу эксперты ўдзяляюць аналізу таго, як прымяняецца закон “Аб СМІ”? Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец сцвярджае, што закон мае рэпрэсіўны характар.
Андрэй Бастунец: “Палажэнні гэтага закона негатыўна ўплываюць на дзейнасць незалежных СМІ. Гэта непразрысты парадак выдзялення частот для радыёвяшчання, падыход да акрэдытацыі, як да дазволу на журналісцкую дзейнасць. І асабліва журналісты замежных медыя сутыкаюцца з праблемай дзейнасці ў краіне. І магчымасць закрыць СМІ за два самыя нязначныя парушэнні”.
Па словах Бастунца, практыка прымянення закона “яшчэ горшая, чым само заканадаўства”. У адказ на заўвагу Еўрарадыё, што БАЖ спрычыніўся да працы над законам “Аб СМІ” і шэраг заўваг экспертаў асацыяцыі быў ўлічаны заканадаўцамі, Бастунец прызнаецца, гэта не дапамагло, і на агульны рэпрэсіўны змест закона не паўплывала. І прыгадвае, што летась 105 сродкаў масавай інфармацыі атрымалі адмову ў рэгістрацыі.
Эксперты “Індэкса цэнзуры” не толькі робяць аналіз, але і даюць парады беларускім уладам, як сітуацыю са свабодай медыя ў краіне выправіць. Да прыкладу, яны раяць адмяніць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: “Паклёп”, “Абраза”, “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Таксама эксперты заўважаюць, што працэдура рэгістрацыі СМІ павінна быць максімальна спрошчаная, а магчымасць спынення дзейнасці СМІ ў пазасудовым парадку неабходная. І гэтак далей. Праўда, Андрэй Аляксандраў шчыра прызнаецца, спадзяванняў на тое, што да гэтых рэкамендацый прыслухаюцца, мала.
Андрэй Аляксандраў: “Беларускія ўлады ігнаруюць прапановы нават абмеркаваць змены ў заканадаўстве. Ні спробы Беларускай арганізацыі журналістаў, ні спробы “Індэкса цэнзуры” выклікаць на такі дыялог Міністэрства інфармацыі ці парламент не скончыліся нейкімі практычнымі зрухамі”.
Тым не менш, аналітычны даклад “За рэформы медыя ў Беларусі” стваральнікі накіруюць і ў Мінінфарм, і ў парламент, і ў іншыя дзяржустановы.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі нечаканае пытанне на адрас кіраўніцтва БАЖ прагучала ад прысутнага журналіста БТ. Той падзяліўся знойдзенай у інтэрнэце інфармацыяй, што Беларуская асацыяцыя журналістаў набыла новы шыкоўны офіс за 200 тысяч долараў у комплексе “Ветразь”. І пацікавіўся, адкуль грошы. Адказ расчараваў ахвочых да сенсацый незалежных журналістаў — на жаль, інфармацыя не праўдзівая.
“У адрозненне ад той, якая тычыцца парушэнняў свабоды медыя ў нашай краіне”, — заўважыла старшыня БАЖ Жана Літвіна.
Фота: Змітра Лукашука