Траіх актывістаў затрымалі на акцыі супраць ЕАЭС
Актывісты моладзевай арганізацыі “Альтэрнатыва” (зарэгістраваная ў Латвіі) выйшлі ўвечары 29 траўня на Кастрычніцкую плошчу Мінска.
Паводле словаў лідара арганізацыі Алега Корбана, на знак пратэсту супраць падпісання ў Астане дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза на плошчу выйшла актывістка Вольга Жураўлёва. Яна арганізавала адзіночны пікет і стаяла з плакатам “Смерць крамлёўскім акупантам!”. Разам з ёй знаходзіўся малалетні сын.
Яшчэ двое актывістаў “Альтэрнатывы” — Вольга Бурневіч і Сяргей Качур — назіралі за пікетам з боку. Праз некалькі хвілін прыехаў аўтазак. Усе актывісты і маленькае дзіця былі затрыманыя і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС.
На Жураўлёву склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. 2 чэрвеня яна павінна прыйсці ў суд. Бурневіч і Качур выйшлі на волю без складання пратаколу, перадае БелаПАН.