У Брэсце не дазволілі адзіночны мітынг у падтрымку Алеся Бяляцкага
Гарвыканкам не дазволіў акцыю мясцоваму праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну.
У сваім адказе чыноўнікі спасылаюцца на парушэнні закону "Аб масавых мерапрыемствах", а дакладней — на адсутнасць дамоваў на абслугоўванне тэрыторыі дзяржаўнымі службамі. Правабаронца адмыслова не дамаўляўся з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі, бо лічыць, што іх паслугі не патрэбныя аднаму пікетоўцу.
Уладзімір Вялічкін: "Пікет праводзіцца адной асобай — мной. Я заплаціў падаткі, то бок, усе тры паслугі мной ужо праплачаныя як шараговым грамадзянінам. Я лічу, што гэтыя патрабаванні закону "Аб масавых мерапрыемствах" празмерныя і адзіночных пікетаў папросту не датычаць".
Адмову пікету брэсцкі праваабаронца называе незаконнай і збіраецца абскарджваць у вышэйшых інстанцыях.
Нагадаем, што мона-мітынг быў запланаваны на 4 жніўня — другую гадавіну арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага.