У Бруселі будуць гаварыць пра спрашчэнне візавых працэдур для беларусаў
Беларусь — адзіная краіна "Усходняга партнёрства", грамадзяне якой плацяць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.
Правядзенне другога раўнда кансультацый паміж Беларуссю і ЕС па пытаннях заключэння пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі запланавана на 24-25 лістапада ў Бруселі. Удзел возьмуць прадстаўнікі міністэрстваў замежных і ўнутраных спраў нашай краіны.
БЕЛТА нагадвае, што першы раўнд кансультацый адбыўся 12-13 чэрвеня ў Мінску. Беларускі бок прапанаваў Еўракамісіі ўнесці ў тэкст праектаў пагадненняў шэраг палажэнняў, накіраваных на спрашчэнне парадку афармлення віз, павелічэнне тэрміну іх дзеяння і спрашчэнне ўзаемных паездак грамадзян у цэлым. Беларуская дэлегацыя спадзяецца атрымаць рэакцыю на свае прапановы падчас кансультацый у Бруселі.
ЕС запрасіў Беларусь да пачатку перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму яшчэ ў 2011 годзе. На сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна "Усходняга партнёрства", грамадзяне якой плацяць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.
Фота — Fotolia