У Бярозаўскай раённай бальніцы прызналі "кадравыя праблемы"

На сходзе ў ЦРБ у Бярозе / t.me/berezaby/
У Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці не хапае лекараў. Пра гэта было заяўлена на пасяджэнні выніковага медыцынскага савета, на якім прысутнічалі і чыноўнікі (у тым ліку і з Брэста).
"Не схаваю, кадравыя праблемы маюць месца: не хапае стаматолага-хірурга, стаматолага-тэрапеўта для аказання платных паслуг, — гаварыла галоўны лекар Бярозаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Нэлі Малейціна. — У паліклініках няма эндакрынолага, не хапае рэнтгенолагаў, неўролага, хірурга, лекараў агульнай практыкі, педыятраў".
У Малейцінай ёсць надзея на размеркаванне маладых спецыялістаў у гэтым годзе. Пададзена заяўка на 42 урачоў і 44 спецыялістаў сярэдняга ўзроўню.
Праўда, і з гэтым могуць узнікнуць праблемы. Мінулай восенню ў суседнім Пружанскім раёне мясцовыя чыноўнікі абураліся, што многія мэтавікі не даязджаюць да малой радзімы. Гаворка ішла пра забеспячэнне маладымі спецыялістамі Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Такая праблема з выпускнікамі-медыкамі існуе па ўсёй краіне.
У 2024-м колькасць медыкаў у Беларусі працягвала змяншацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.