У Мінску прайшоў санкцыянаваны мітынг за змякчэнне "наркатычнага" артыкула
30 траўня ў Кіеўскім скверы Мінска праходзіць санкцыянаваны мітынг за дэкрыміналізацыю і рэформу "наркатычнага" артыкула 328. Арганізатарамі выступаюць “Матчын рух 328” і кампанія “Legalize Belarus”.
Арганізатары падалі заяўку на 100 чалавек. Паслугі хуткай дапамогі, камунальнікаў і міліцыі абышліся ў 900 рублёў. Мітынг праходзіць з 14-й па 16-ю гадзіну.
Адна з актывістак "Матчынага руху" Алена Кузьміна прыйшла ў Кіеўскі сквер у касцюме "неўсталяванай асобы". Менавіта такая фармулёўка фігуруе ў шматлікіх справах па артыкуле 328 (маўляў, наркотыкі былі купленыя ў неўсталяванай асобы).
Родныя асуджаных па "наркатычным" артыкуле выстаўляюць каля фантана ў Кіеўскім скверы абутак. Па словах Кузьміной, гэта алюзія на мемарыял памяці пра ахвяры Халакосту на беразе Дуная.
“Адпраўляючы нашых дзяцей на такія велізарныя тэрміны, дзяржава адпраўляе іх на смерць", — кажа Кузьміна.
На мітынгу выступілі маці, чые дзеці асуджаныя па артыкуле 328, у тым ліку тыя, хто падаў у суд на МУС. Таксама з прамовай выступіў актывіст Legalize Belarus Стас Шашок.
Сёння ў 11:00 каля парламента таксама збіраліся "Маці-328". Там сабралося каля 50 чалавек, некаторыя з іх пасля прыйшлі на мітынг.
"Мы сабралі подпісы за тое, каб Палата прадстаўнікоў не зацягвала з разглядам паправак у артыкул 328. Наш зварот перададзены ў сакратарыят Савета міністраў", — распавяла Ліяна Шуба.
Некаторыя з актывістак матчынага руху не зразумелі іранічнага плаката, на якім прапануюць спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў прапануюць караць як забойцаў. Стас Шашок з Legalize Belarus спрабаваў патлумачыць, што гэта насамрэч іронія. У выніку вырашылі напісаць пра гэта маркерам на плакаце.
***
"Лучшим мамам привет", — прагучала з натоўпа.
У 14.30 мітынг распачаўся. Выступілі актывісткі Ларыса Жыгар, Ліяна Шуба, Таццяна Канеўская.
Канеўская адзначыла, што адразу не паверыла ў тое, што мітынг сапраўды дазволілі. У прамове яна звярнулася да міністэрства ўнутраных спраў.
"Зараз вашы пагоны — гэта ваша годнасць. Калі вы 14-16-гадовага падлетка злавілі для таго, каб атрымаць пагоны, то зразумейце, што вы ламаеце жыццё і сабе, і дзецям. <...> Я буду балатавацца ў дэпутаты і мне вельмі патрэбна ваша падтрымка".
У канцы мітынга актывісты зачыталі рэзалюцыю, а 16:00 мітынгоўцы разышліся.