У Мінску судзілі кур'ера, які забіраў грошы ў пенсіянераў
Кур'ер паспеў забраць у пенсіянераў больш за 38 тыс. рублёў / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Вынесены прысуд па справе кур'ера-ўдзельніка ашуканскай схемы аб фальшывых ДТЗ. 42-гадовага мужчыну прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 300 базавых велічынь (11,1 тыс.рублёў). Акрамя таго, ён павінен пакрыць шкоду пацярпелым.
Абвінавачаны толькі забіраў грошы ў пенсіянераў. Пажылым людзям тэлефанавалі невядомыя і паведамлялі, што іх сваякі трапілі ў бяду. Затым тыя, хто тэлефанаваў, таксама прасілі сабраць грошы, каб "вырашыць" пытанне аб тым, каб не распачалі крымінальнай справы. Грошы трэба было аддаць кур'еру. Каб пацярпелыя не сумняваліся ў рэальнасці ДТЗ, абанент прасіў перадаць у бальніцу, дзе знаходзіцца пацярпелы сваяк, пасцельную бялізну і рэчы.
Кур'ер, якога судзілі ў Мінску, "завалодаў грашыма пацярпелых у суме больш за 38 тыс. рублёў", адзначылі ў пракуратуры. Прысуд у дачыненні да яго ў законную сілу не ўступіў. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.