У Парыжы пасля акцыі супраць аднаполых шлюбаў затрыманыя дзясяткі чалавек
Пасля вулічнай акцыі супраць аднаполых шлюбаў у французскай сталіцы пачаліся беспарадкі.
Іх завадатарамі сталі прадстаўнікі ўльтраправых радыкальных рухаў, перадае РБК са спасылкай на французскія крыніцы. Па словах відавочцаў, у беспарадках прынялі ўдзел ад 200 да 300 чалавек, якія палілі фаеры, кідаліся камянямі і бутэлькамі. Ахвярамі хуліганаў сталі і журналісты, сярод якіх апынуўся фатограф агенцтва France Press.
Паліцыя затрымала 96 чалавек. 39 з іх былі пакінутыя на ноч пад вартай.
Дарэчы, арганізатары і паліцыя па-рознаму ацэньваюць колькасці удзельнікаў акцыі супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. Калі першыя заявілі пра больш як 1 мільён чалавек, то ў органах правапарадку пацвердзілі "толькі" 150 тысяч чалавек.
Нагадаем, 18 траўня французскі прэзідэнт Франсуа Аланд падпісаў закон пра аднаполыя шлюбы. Францыя стала 14-й дзяржавай у свеце, дзе такія шлюбы легалізаваныя.
Фота — ria.ru