У сацсетках TUT.by адбылася татальная зачыстка
У сацыяльных сетках TUT.by адбылася татальная зачыстка — былі выдаленыя або схаваныя амаль усе пасты за мінулы год і першыя пяць месяцаў 2021-га. Спачатку ўсе вырашылі, што сацсеткі захопленыя. Але саўладальнік партала Кірыл Валошын патлумачыў у Facebook, што рэдакцыя "прыбірае частку публікацый з адкрытага доступу на час разбіральніцтва па надуманай справе аб "экстрэмізме". І што робіцца гэта для бяспекі чытачоў і работнікаў. Валошын таксама падкрэсліў, што "сацсеткі і каналы знаходзяцца пад кантролем рэдакцыі" — супрацоўнікаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэта пацвердзіла і Беларуская асацыяцыя журналістаў: "Калегі просяць не хвалявацца, ніякіх узломаў не было".
Было заўважана, што знікла галачка верыфікацыі тэлеграм-канала @tutby_official, каб у выпадку неабходнасці "хутка яго перайменаваць". Аднак у выпадку прызнання тэлеграм-канала "экстрэмісцкім", перайменаванне і змена спасылкі не дапаможа. Справа ў тым, што ў рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў уносіцца не толькі назва і спасылка, але і ўнікальны ID-нумар, які не змяняецца.
"Цяпер сітуацыя, у якой мы знаходзімся, для нас дзікая і вельмі стрэсавая, — піша @tutby_official. — У нейкі момант мы прынялі спрэчнае і эмацыйнае рашэнне".
Заяву аб прызнанні матэрыялаў партала TUT.by і яго сацсетак экстрэмісцкімі ў суд падало МУС Беларусі. 24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся закрыты суд і ў той жа дзень яго прыпынілі. Была пададзена заява на абскарджванне дзеянняў камісіі, якая вынесла экспертнае заключэнне па TUT.by. Эканамічны суд разгледзіць яе 6 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.