У Страсбургу заявілі, што ПАСЕ гатовая да дыялогу з Беларуссю
Але праверкай гатоўнасці нашай краіны да паляпшэння адносінаў з Саветам Еўропы стане дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы гатовая да дыялогу з Беларуссю. Пра гэта 21 красавіка заявіў дакладчык па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. У Страсбургу на паседжанні камітэта асамблеі па палітычных пытаннях і дэмакратыі прысутнічалі і прадстаўнік беларускага парламента (Мікалай Самасейка, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў), і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (праваабаронца Валянцін Стэфановіч і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец).
"Мы гатовыя да дыялогу з вамі, мы адкрытыя для гэтага. Вельмі важна закласці асновы для дыялогу. Наш камітэт мог бы гэтаму садзейнічаць", — сказаў Рыгоні.
Андрэа Рыгоні звярнуў увагу на невырашаную праблему смяротнага пакарання ў Беларусі, што мараторый так і не быў уведзены. Гаварыў ён і пра ціск на палітвязня Міколу Статкевіча: “Я, безумоўна, праінфармаваны, які ціск аказваецца на спадара Статкевіча, якога ўтрымліваюць у адзіночным заключэнні. Гэта выклікае нашу занепакоенасць". На думку спецдакладчыка, Савету Еўропы і ПАСЕ трэба пераканацца ў тым, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсць воля і жаданне прытрымлівацца галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў. "Кампрамісаў тут быць не можа", — падкрэсліў Андрэа Рыгоні.
Беларускі дэпутат у Страсбургу гаварыў, калі адменяць смяротнае пакаранне
Рыгоні адзначыў, што дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі "стане важнай праверкай таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэння ўзаемаадносінаў з Саветам Еўропы і іншымі міжнароднымі арганізацыямі".
Фота: Еўрарадыё, ria.ru