Улады Беларусі запрасілі ПАСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі

Савет Еўропы выказвае незадаволенасць з нагоды смяротных прысудаў у Японіі і ў ЗША, але да Беларусі ў гэтым пытанні мае “завышаныя патрабаванні”. Бо гэта "еўрапейская краіна, якая ў перспектыве мусіць стаць сябрам Савета Еўропы". Так тлумачыць пазіцыю ў дачыненні да нашай краіны дырэктар Дырэктарату па палітычных пытаннях Савета Еўропы Аляксандр Гесэль.

Менавіта наяўнасць смяротнага пакарання з’яўляецца перашкодай для вяртання Беларусі статуса спецыяльна запрошанага госця ў Савеце Еўропы. Тым не менш, 21 красавіка на паседжанні камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі прагучалі словы, што трэба пытанне вяртання гэтага статусу нашай краіне пачынаць абмяркоўваць. Карысць ад такога вяртання, звяртае ўвагу Аляксандр Гесэль, прызнае і Беларусь, і Савет Еўропы. Тым не менш, умова, што статус гэты вярнуць толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, застаецца.

Беларускі дэпутат у Страсбургу гаварыў, калі адменяць смяротнае пакаранне

“А калі ўводзіцца нейкая ўмова, то яна павінна быць выкананая. Бо калі ўмовы ўводзіць, а потым іх не прытрымлівацца, то навошта было іх уводзіць? Да ўсяго я лічу, што Беларусь знаходзіцца на такім этапе свайго развіцця, калі яна шчыльна наблізілася да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. І яна павінна гэта зрабіць перш, чым будзе вернуты статус. Важна, што мы бачым сёння і ў Парламенцкай асамблеі інтарэс для аднаўлення шырокамаштабных кантактаў, і ў беларускіх уладаў такая цікаўнасць таксама ёсць. Ну, калі справа толькі ў адной невялікай умове, то, мяркую, ёсць сэнс падумаць над тым, каб яе выканаць”, — сказаў Гесэль, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.

Што да дыялогу паміж Беларуссю і Саветам Еўропы, то, кажа Гесэль, прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў бяруць удзел у якасці гасцей у працы пераважнай большасці камітэтаў гэтай еўрапейскай структуры. У накірунках ад культуры і адукацыі да праваахоўнай і знешнепалітычнай дзейнасці.

У Страсбургу заявілі, што ПАСЕ гатовая да дыялогу з Беларуссю

Са свайго боку беларускія ўлады запрасілі прадстаўнікоў Парламенцкай асамблеі назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Гэта, а таксама тое, як будзе праходзіць першы этап выбарчай кампаніі па вылучэнні кандыдатаў, агітацыі і зборы подпісаў, стане сведчаннем, наколькі наша краіна зацікаўленая ў развіцці дыялогу з Саветам Еўропы, сказаў Гесэль журналісту Еўрарадыё.

Фота: АР і Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі