Баўмгертнера перадалі расійскім праваахоўнікам, ён ужо ў Маскве (відэа)
У расійскую сталіцу яго прывезлі ў 22.17 на самалёце Аэрафлота ў суправаджэнні супрацоўнікаў федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі.
Пра перадачу Баўмгертнера паведамілі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Пра тое, што Генпракуратура нашай краіны прыняла рашэнне выдаць гендырэктара "Уралкалія" ў Расію, стала вядома ўдзень у чацвер.
Нагадаем, Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру было выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Пазней гендырэктару "Уралкалія" ў Беларусі змянілі артыкул абвінавачання, цяпер яго падазраюць у крадзяжы.
Баўмгертнер месяц знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а пасля быў пераведзены пад хатні арышт на здымнай кватэры ў Мінску. Матэрыялы па яго справе, перададзеныя ў Расію, склалі 19 тамоў. Запыт аб экстрадыцыі ў Расію гендырэктара "Уралкалія" быў дасланы ў Беларусь у канцы кастрычніка.