Вынесены прысуд па справе з няякаснай вадой у частцы Мінска ў чэрвені 2020-га
Людзі чакаюць падвозу вады ў Сухараве ў Мінску, чэрвень 2020-га / З архіву Еўрарадыё
Вынесены прысуд па справе з няякаснай вадой у частцы Мінска (найперш у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах, часткова ў Кастрычніцкім, Ленінскім і Цэнтральным раёнах) у чэрвені 2020-га. Крымінальную справу напрыканцы 2022 года разглядаў суд Ленінскага раёна сталіцы. Вінаватай прызналі інжынера-тэхнолага, яна атрымала 4 гады "хатняй хіміі". Яшчэ адзін інжынер быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці — трапіў пад амністыю. Першая працавала ў тэхналагічнай групе ачышчальнай вадаправоднай станцыі вытворчасці "Мінскводаправод", другі — інжынерам раёна па эксплуатацыі вадаправодных сетак № 3 "Мінскводаправода".
Суд пастанавіў, што 23-24 чэрвеня 2020 года яны "неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі, што прывяло да трапляння ў размеркавальную сетку горада Мінска ў зоне ўплыву ачышчальнай вадаправоднай станцыі... вады ненарматыўнай якасці, якая не адпавядае патрабаванням..., што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне дзяржаўнай маёмасці шкоды ў асабліва буйным памеры на агульную суму 594 567,86 рубля, а таксама прычыненне шкоды здароўю людзей і іншыя цяжкія наступствы". Зменны інжынер-тэхнолаг "прызнана вінаватай у неналежным выкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага стаўлення да службы, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры і іншыя цяжкія наступствы (службовай халатнасці)".
Напрыканцы чэрвеня 2020-га ў Мінску без вады засталося каля 780 тысяч чалавек. Лічылася, што яна была атручаная невядомым рэчывам. Уладам давялося арганізоўваць падвоз вады ў некалькі раёнаў сталіцы (каля цыстэрнаў утварыліся вялізныя чэргі), пакуль праблема не была вырашана і ў дамы стала паступаць якасная вада. У ліпені 2020-га следства прыйшло да высновы, што ўсё пачалося з трубаправода, які быў на рэканструкцыі. З яго не злілі затхлую ваду, яна трапіла на вадаправодную станцыю, якая з ачысткай не справілася. У выніку няякасная вада патрапіла ў дамы мінчукоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.