“Я тры мільёны меў, а людзі па 100-300”: гісторыі кліентаў “Дэльта-банка"

“Такое ўражанне, што там працавалі адны стажоры”.

Ірына Дэнько кіруе мінскай крамай камп’ютарнай тэхнікі. Некалькі гадоў працавала з МТБ-банкам, “усё было выдатна, наш асабісты аперацыяніст, ніякіх праблем”, пасля змены юрыдычнага адраса давялося завесці рахунак у “Дэльта-банку”. Пасля гэтага пачаліся прыгоды, расказвае Ірына: “Ніхто толкам не ведаў там сваіх абавязкаў, працавалі ледзь не ўчарашнія выпускнікі, я нават не стала высвятляць, хто канкрэтна займаецца ўсімі нашымі аперацыямі, у гэтым не было сэнсу”.

Пасля адклікання ліцэнзіі ў “Дэльта-банка” на рахунках кампаніі Ірыны Дэнько застаўся усяго адзін мільён рублёў. “Літаральна за некалькі дзён мы сваім супрацоўнікам перавялі заробкі, амаль цалкам ачысцілі рахунак. Таму можна лічыць, што нам моцна пашанцавала”, — гаворыць яна.

У тое, што грошы вернуць, прадпрымальніца не асабліва верыць. Самастойна дамагацца праўды праз суд таксама не бачыць сэнсу — страчаная сума нязначная і не вартая сіл. Аднак калі іншыя фірмы і прадпрымальнікі пачнуць дамагацца праўды калектыўна, Ірына гатовая да іх далучыцца.

“Людзі мелі там на рахунках і 100, і 300 мільёнаў”.

Гомельскі прадпрымальнік Вячаслаў Скарабагатаў гандлюе металічнымі дзвярыма. Рахунак мае таксама ў “Дэльта-банку”. Дакладней, меў. Ужо тыдзень усе нумары банка маўчаць, дзверы зачыненыя, а рахункі заблакаваныя. “Хадзіў у падатковую, афармляў там паперы на рахунак у іншы банк. Запытаўся, што будзе з гэтым і як вярнуць грошы. Там толькі рукамі развялі”, — расказвае Вячаслаў. У “Дэльта-банку” ў прадпрымальніка завісла адносна няшмат, тры мільёны. “У нас у Гомелі расказваюць пра выпадкі, калі праз гэты банк заробкі налічвалі, то там у людзей і 100, і 300 мільёнаў растварылася, так што мне яшчэ пашчасціла”, — гаворыць Вячаслаў.

Аднак і некалькіх мільёнаў шкада — на тыдні прадпрымальнік збіраецца пачаць дамагацца праўды ў мясцовым аддзяленні Нацбанка.

“Мне самому цікава, што далей будзе”.

Дырэктар мінскага прадпрыемства “Бімэкс” Яўген Субота з “Дэльта-банкам” трапіў у кур’ёзную сітуацыю. Яго фірма займаецца здачай у арэнду гандлёвых пляцовак. І “Дэльта-банк” быў… адным з кліентаў Яўгена — арандаваў кропку пад абменнік на Камароўскім рынку. “Мне самому цікава, што там зараз будзе і як вырашыцца сітуацыя. Да канца месяца банк праплаціў усё, а вось з красавіка… Атрымліваецца, яны павінныя перавесці грошы на імі ж замарожаны рахунак”, — пра жартачкі фінансавай сістэмы менеджар расказвае з непрыхаванай цікавасцю.

Зразумець яго нескладана — на рахунках кампаніі Яўгена у “Дэльта-банку” заставалася нейкая дробязь: “Даверу да яго ніколі не было вялікага, ненадзейна працавалі”.

Што рабіць, каб не страціць грошы.

Прадпрымальнікі і менеджары маюць адразу некалькі парадаў:

1. Сачыце за навінамі. “Яшчэ год таму стала зразумела, што з украінскімі банкамі трэба быць асцярожным. Такая сітуацыя там”, — раіць дырэктарка камп’ютарнай крамы Ірына. На думку мінскага іпэшніка Аляксандра, увядзенне ў “Дэльта-банк” часовай адміністрацыі Нацбанка таксама “нічога добрага” не абяцала. Так што прагляд стужкі навінаў падчас крызісу можа выратаваць немалыя грошы.

2. Мець рахункі ў некалькіх банках. У гэтым перакананы Яўген Субота. “Вядома, мы маем сродкі на розных рахунках, нельга ўсе яйкі трымаць у адным кошыку”, — гаворыць менеджар. Захаваць грошы гэта не дапаможа, але дазволіць працягваць працаваць. Дырэктарка камп’ютарнай крамы Ірына Дэнько гаворыць, што праблемы з замарожанымі рахункамі, якія не дазволілі аплачваць тавар пастаўшчыкоў, ударылі па бізнесе яшчэ мацней, чым страчаныя грошы.

Афіцыйная пазіцыя.

Яе пакуль не існуе. Грошы з рахункаў вярнуць паабяцалі толькі фізічным асобам. Што будзе з рахункамі юрыдычных, а сюды ўваходзяць і іпэшнікі, цяпер павінен вырашыць Нацыянальны банк.

Фота babruisk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі