Наш Мінеапаліс: у Ганцавічах даішнік каленам прыціснуў галаву затрыманага
20 чэрвеня ў Ганцавічах міліцыя жорстка разагнала акцыю салідарнасці, на якую сабралася каля 20 чалавек. У "аперацыі" былі задзейнічаныя нават даішнікі. Адзін з іх каленам прыціснуў да асфальта шыю жыхара горада. На гэта звяртаюць увагу карыстальнікі сацсетак. Менавіта такі прыём месяц таму быў ужыты супраць амерыканца Джорджа Флойда, а яго смерць выклікала хвалю масавых пратэстаў па ўсіх злучаных штатах.
Падчас стрыму прама ў жывым эфіры былі затрыманыя журналісты "Ганцавіцкага часу" і "Першага рэгіёну" — Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк.
Па словах галоўнага рэдактара "Ганцавічскага часу" Пятра Гузаеўскага, журналістаў збілі:
"У Аляксандра пад левым вокам [гематома]. Ён расказаў, што яго закавалі ў кайданкі пры затрыманні, білі, жорстка прэсавалі, пагражалі — карацей, поўны набор. Што тычыцца аператара і рэдактара, які здымаў (Сяргей Багроў) — то сваякі затрыманых, якія сабраліся каля РАУС, казалі, што чулі праз адчыненае вакно, што адзін з міліцынтаў крычаў на яго: "Гэта ўсё праз цябе, гэта ты трансляваў гэтае відэа!" Потым аператар крычаў — відаць яго таксама білі. Гэта людзі мне перадалі”.
На журналістаў складзены пратакол за "непадпарадкаванне" міліцыі. Іх будуць судзіць у панядзелак.
Пётр Гузаеўскі напісаў скаргу ў міліцыю аб тым, што Багроў і Пазняк — штатныя супрацоўнікі газеты, зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі. На акцыі яны выконвалі сваю працу і затрыманыя незаконна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.