За мяжой застаецца больш за тысячу беларускіх турыстаў
На 24 сакавіка за мяжой застаецца 1237 беларусаў, якія маюць дамовы аб аказанні турыстычных паслуг. Пра гэта ў Telegram паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму. Па яго звестках, яшчэ дзесяць дзён таму іх там было каля 8 тысяч. Такім чынам большая частка турыстаў ужо вярнулася. У тым ліку дзякуючы высілкам дзяржаўных структур, турыстычных кампаній і "сталым кантактам з расійскім бокам".
Найбольш складаная сітуацыя з вяртаннем беларусаў, якія знаходзяцца ў штаце Гоа ў Індыі і на Шры-Ланцы. Пакуль удалося толькі арганізаваць, дзякуючы дапамозе ўкраінцаў, вылет у Кіеў з Каломба 8 грамадзян Беларусі. Уначы яны ўжо будуць ва Украіне і змогуць вярнуцца на радзіму.
Розныя беларускія дзяржаўныя структуры неаднаразова заклікалі беларусаў у час пандэміі каранавіруса не выязджаць за мяжу. Заклікаў заставацца на радзіме і Аляксандр Лукашэнка, які эмацыйна выказваўся пра тых, хто ўсё ж едзе ў замежжа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.