За час дзеяння валютнага збору банкі выплацілі ў бюджэт 1,4 трлн. рублёў

За набыццё валюты на біржы беларускія банкі заплацілі 1 трыльён 396 мільярдаў рублёў падатку на біржавыя аперацыі. Нагадаем, указам прэзідэнта ад 20 снежня 2014 года №607 быў уведзены падатак на біржавыя аперацыі па набыцці валюты ў памеры 30% ад сумы (пазней ён быў зніжаны спачатку да 20%, пасля да 10%, а 8 студзеня адменены). Гэты падатак, які ішоў у бюджэт, на біржы сплачвалі банкі, што набывалі валюту для сваіх кліентаў. За час яго існавання — з 20 снежня 2014 года па 8 студзеня 2015 года — у рэспубліканскі бюджэт паступіла 1 трыльён 396 мільярдаў 300 мільён рублёў.

Фізічныя асобы, як і банкі, таксама плацілі аналагічны збор пры набыцці валюты з 20 снежня 2014 года (пастанова праўлення Нацбанка ад 19 снежня 2014 года №786). Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве фінансаў, а потым пацвердзілі ў Нацбанку, гэты збор банкі пакідалі сабе ў якасці кампенсацыі за набыццё валюты на біржы.

Адзначым, першапачаткова планавалася, што 30% збор будзе дзейнічаць з 20 снежня мінулага года па 1 лютага 2015-га. Па словах намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, у бюджэт за гэты час павінна было паступіць каля 5 трыльёнаў рублёў.

"Дзеянне збору прадугледжана да 1 лютага 2015 года, — заяўляў 20 снежня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” Ермаловіч. — Гэта каля 20 дзён біржавых таргоў, з улікам штодзённага попыту і прапановы валюты даходы складуць каля 5 трыльёнаў рублёў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі