Амбасада ЗША ў Мінску пашырыць візавыя паслугі для беларусаў
Бо чакае прыбыцця ў Беларусь шостага амерыканскага дыпламата.
Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю агенцтву БелаПАН паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, які завяршае сваю працу ў Мінску.
Ён адзначыў, што штат амбасады павялічыцца з пяці чалавек да шасці. Новы работнік будзе займацца консульскімі пытаннямі. Голдрыч адзначыў, што ўрад Беларусі пайшоў насустрач амерыканцам у гэтым пытанні. Паводле яго словаў, новы супрацоўнік амбасады павінен прыбыць у Мінск ужо летам.
"Мы будзем у стане прымаць больш візавых заявак. Пасля прыезду шостага супрацоўніка стануць вядомыя дэталі таго, якія дадатковыя катэгорыі заявак гэта будуць", — дадаў Голдрыч.
Нагадаем, колькасць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Мінску было скарочана па патрабаванні беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года. Гэта адбылося з-за ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый супраць дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Неўзабаве пасля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. Санкцыі супраць "Белнафтахіма" былі ўведзеныя Вашынгтонам у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.